— З усімі гэтымі абломкамі лавы, выцягнутымі накшталт верацяна, яна здаецца вялізнай кучай цацак, раскіданых у беспарадку. Так і хочацца кручком павыцягваць іх адну за адной!
— Паважаны сябра, — сказаў глыбокадумна Барбікен, — што гаварыць аб тым, на што гэта падобна, калі ў гэту хвіліну мы не ведаем нават, што гэта такое?
— Грунтоўны адказ! — усклікнуў Мішэль. — Будзеш ведаць, прынамсі, як разважаць з вучонымі.
Снарад між тым рухаўся ўдоўж луннага дыска з нязменнай скорасцю. Кожны зразумее, што падарожнікі не думалі цяпер аб адпачынку. Кожную секунду мяняўся ландшафт, які праносіўся ў іх перад вачыма. Раніцой, каля паловы другой, яны заўважылі верхавіну другой гары. Барбікен заглянуў у карту: аказалася, што гэта быў «Эратасфен».
Гэта кольцападобная гара, вышынёй у чатыры тысячы пяцьсот метраў, была адной з надзвычай шматлікіх на луннай паверхні. Тут, між іншым, Барбікен паведаміў прыяцелям даволі дзіўную думку Кеплера аб паходжанні лунных цыркаў наогул. Славуты астраном сцвярджаў, што кратэрападобныя упадзіны — справа чалавечых рук.
— З якой-жа мэтаю? — спытаў Ніколь.
— Мэта зразумелая! — адказаў Барбікен. — Селеніты пачалі гэтыя бясконцыя работы і выкапалі прасторныя пячоры, каб, хаваючыся ў іх, абараняць сябе ад Сонца, якое пячэ іх па два тыдні падрад.
— Селеніты зусім не такія дурныя! — заўважыў Мішэль.
— Па-мойму, гэта дзіўная думка, — сказаў Ніколь. — Трэба меркаваць, Кеплеру не былі вядомы сапраўдныя размеры гэтых цыркаў, таму што