аддаліся назіранням: яны баяліся прапусціць незаўважанымі найменшыя дэталі.
Такім чынам, у тэлескопе Луна здавалася ўсяго на адлегласці дзесятка кілометраў. Што мог-бы адрозніць на паверхні Зямлі лётчык, падняўшыся на такую вышыню?
Вось дакладнае апісанне ўсяго таго, што бачыў Барбікен і яго таварышы з гэтай вышыні.
Лунны дыск, здавалася, быў запоўнены шырокімі плямамі самай рознастайнай афарбоўкі. Даследчыкі Луны і астраномы нязгодны між сабой адносна колераў гэтых плям. Юліус Шмідт сцвярджае, што калі-б высушыць усе зямныя акіяны, то лунны назіральнік не распазнаў-бы на зямным шары, між усімі акіянамі і мацерыковымі раўнінамі, такіх рэзка азначаных адценняў, якія відаць на Луне зямному назіральніку. Паводле яго думкі, агульны колер гэтых вялізных раўнін, носячых назву «мораў», цёмнашэры, з прымешкай зялёнага колеру і карычневага. Некаторыя з вялікіх кратэраў маюць тую-ж афарбоўку.
Некаторыя прасторы пераліваліся зялёным колерам, які згодна даследаванняў Юліуса Шмідта аказаўся і ў морах «Яснасці» і «Вільготнасці». Барбікен распазнаў таксама шырокія кратэры, не маючыя ўнутраных конусаў. Гэтыя кратэры мелі сіняватае адценне, падобнае на колер добра адпаліраванай стальной пласціны. Такія адценні сапраўды ўласцівы луннаму дыску, а зусім не паходзяць ад недасканаласці аб’ектываў у тэлескопах ці ад уплыву зямной атмасферы, як сцвярджалі некаторыя астраномы. Барбікен у гэтым выпадку не дапускаў ніякіх сумненняў. Ён рабіў назіранні ў беспаветранай прасторы, і ніякай аптычнай памылкі тут не магло быць. Але ці паходзілі