Узброены тэлескопам, Барбікен разглядаў гэтыя барозны з надзвычайнай увагай. Ён заўважыў між іншым, што іх бакавыя грані маюць вельмі стромкія скаты. Гэта было нешта накшталт паралельных валаў, і чалавек з жывым выабражэннем палічыў-бы іх за доўгія рады ўмацаванняў, зробленых луннымі інжынерамі.
Адны з барознаў былі зусім прамыя, другія крыху выгіналіся, прычым бакавыя іх грані заўсёды заставаліся паралельнымі; адны скрыжоўваліся між сабой, другія разрэзвалі кратэры; тут яны баразнілі кольцападобныя ўпадзіны «Пасейдона» — там імі спярэшчана было «Мора Яснасці».
Прырода гэтых барознаў да гэтага часу не высветлена. Зразумела, гэта не ўмацаванні, і, вядома, не даўнія руслы высахлых рэк, па-першае, таму, што барозны часта перасякаюць кратэры, якія знаходзяцца на значнай вышыні.
Як ні няўдалыя былі да гэтага часу меркавані Ардана наконт розных з’яў, але трэба згадзіцца, што ён выпадкова напаў на тую-ж думку, якая раней хвалявала вучонага Юліуса Шмідта.
— Ці не складаюцца гэтыя цёмныя лініі з радоў правільна пасаджаных дрэў?
— Ты настойваеш на расліннасці? — спытаў Барбікен.
— Так, настойваю, — адказаў Мішэль, — і я магу растлумачыць тое, чаго вы, важныя вучоныя, да гэтага часу пакуль не растлумачылі. Прынамсі, на карысць маёй прапановы гаворыць тое, што з яе дапамогаю я магу растлумачыць, чаму гэтыя барозны ў пэўныя часы знікаюць ці здаюцца знікнуўшымі.
— Ну, чаму?