— Таму, што дрэвы становяцца нябачнымі, калі асыпаецца лісце, і зноў становяцца прыкметнымі, калі лісце на іх вырастае.
— Тлумачэнне тваё, праўда, вельмі дасціпнае, мой мілы; бяда толькі ў тым, што сюды яно не падыходзіць.
— Чаму?
— Таму, што на Луне няма таго, што называюць порамі года, а значыцца, і ніякіх такіх з’яў расліннасці, на якіх, заўваж, у цябе ўсё і абгрунтавана, там адбывацца не можа.
Барбікен гаварыў праўду. На ўсіх лунных паралелях Сонца застаецца на нязменнай вышыні над лунным гарызонтам. Каля экватара, напрыклад, яно заўсёды знаходзіцца паблізу зеніта, у палярных краінах амаль не выходзіць за межы гарызонта. У кожнай краіне, гледзячы па таму, якое месца яна займае адносна Сонца, вечна пануе якая-небудзь адна пара года: зіма, вясна, лета ці восень. Як-жа растлумачыць паходжанне гэтых барознаў? Пытанне заставалася нерастлумачаным. Адно можна было дапускаць: што ўтварэнне іх адносіцца да больш позніх эпох, чым утварэнне кратэраў і ўпадзін, таму што па апошніх прайшлі многія з барознаў, прарэзваючы іх закругленыя берагі.
Снарад між тым ужо знаходзіўся на 40-й луннай паралелі, на адлегласці каля 800 кілометраў ад Луны. У тэлескопе ўсе прадметы здаваліся на адлегласці 8 кілометраў. У гэту хвіліну пад ім уздымаўся «Гелікон» на вышыню пяцісот метраў, а налева цягнуўся рад меншых гор, замыкаючых невялікую частку «Мора Дажджоў», якая называецца «Залівам Расы».
Беспаветраная прастора, у якой імчалася ядро,