Старонка:З пушкі на Луну.pdf/358

Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХІV

Ноч у трыста пяцьдзесят чатыры з паловай гадзіны

У тую самую хвіліну, калі снарад пагрузіўся ў непранікальную цемру, ён пранёсся над паўночным лунным полюсам на адлегласці менш пяцідзесяці кілометраў. Значыць, некалькіх секунд было дастаткова для пераходу з святла ў беспрасветную цемру. Гэты пераход зрабіўся нечакана, без усякай паступовасці. Луна патухла, нібы агонь лямпы ад магутнага подыху.

— Правалілася, навекі знікла наша Луна! — усклікнуў Ардан са здзіўленнем.

Сапраўды, была падобна на тое: ні адсвету, ні ценю — нічога не засталося ад дыска, некалькі секунд назад так моцна асветленага. Яркае ззянне зор яшчэ выразней выдзяляла чарнату ночы.

Гэта была цемра луннай ночы, якая на працягу трохсот пяцідзесяці чатырох з паловаю гадзін пануе ў кожным пункце луннага дыска; доўгая ноч, якая бывае ад спалучэння двух рухаў Луны: вярчальнага — каля сваёй асі, і паступальнага — вакол Зямлі. Снарад, апусціўшыся ў конус ценю ад Луны, не мог больш падвяргацца дзеянню сонечных праменняў.

Унутры снарада была цемра ў поўным сэнсе слова. Падарожнікі не маглі бачыць адзін аднаго. Зразумела, з’явілася жаданне карыстацца хаця якім-небудзь святлом, і як ні шкода было прэзідэнту траціць газ, запас якога быў абмежаваны, ён вымушан быў ім карыстацца, таму што Сонца рашуча адмовілася даваць ім святло.

— Праклятае Сонца, — крычаў Ардан, — дарэмна прымушае нас траціць апошнія рэшткі газу!