— Значыцца, вы цяпер разумееце, — казаў далей Барбікен, не звяртаючы ўвагі на заўвагі Мішэля, — што на бачнай частцы дыска селенітам жывецца добра: у часе нашага поўніка ім свеціць Сонца, а ў часе маладзіка — Зямля.
— А мне здаецца, — сказаў Ніколь, — што гэта перавага часткова траціць сваё добрае значэнне, калі прымаць у разлік спёку, якую ім прыходзіцца пераносіць.
— Нязручнасць гэта аднолькава для абодвух бакоў, бо святло, якое адбівае Зямля, відавочна, пазбаўлена цеплыні. Я вам скажу, што, наадварот, нябачнаму боку Луны болей даводзіцца цярпець ад спёкі, чым бачнаму. Я кажу гэта пераважна вам, Ніколь, таму што Мішэль, пэўна, гэтага не зразумее.
— Дзякую за камплімент, — сказаў Мішэль.
— Але гэта зразумець няцяжка, — сказаў Барбікен, — нябачны бок карыстаецца сонечным святлом і цеплынёй у час нашага маладзіка, г. зн. калі Луна становіцца між Сонцам і Зямлёй. У гэты час Луна знаходзіцца бліжэй да Сонца, параўнальна з тым-жа палажэннем, у якім яна бывае ў час нашага поўніка. А гэта адлегласць роўна двухсотай частцы той, якая аддзяляе Сонца ад Зямлі; акругліўшы, гэта 800 тысяч кілометраў. Значыць, нябачны бок Луны на 800 тысяч кілометраў бліжэй да Сонца ў той час, калі карыстаецца сонечнымі праменнямі.
— Справядліва, — адказаў Ніколь.
— Зусім іншае… — пачаў зноў Барбікен.
— Адну хвіліну, — сказаў Мішэль, перабіваючы свайго сур’ёзнага таварыша.
— Што табе трэба?
— Я хачу прадоўжыць тлумачэнне.
— Гэта навошта-ж?