Гэтыя пытанні хвалявалі Барбікена, але развязаць іх ён не мог.
Вельмі магчыма, што ўсяго за некалькі кілометраў знаходзілася нябачная планета, але ні ён, ні яго таварышы яе не заўважалі. Калі які-небудзь шум і быў на паверхні Луны, яны гэтага шуму чуць не маглі. Паветра, правадніка гуку, не было, і яно, значыць, не магло ім перадаць «стогнаў» Луны, якога арабскія легенды вялічаюць «чалавекам, напалавіну скамянелым, але яшчэ жывым».
Зразумела, што ўсё гэта магло злаваць самых цярплівых назіральнікаў. Якраз-то невядомае паўшар’е і не відаць было ім! Бок, які пятнаццаць сутак раней ці пятнаццаць сутак пасля быў-бы вельмі добра асветлены сонечнымі праменнямі, цяпер губляўся ў абсалютнай цемнаце.
А праз пятнаццаць сутак дзе будзе снарад? Куды зацягнуць яго невядомыя прыцяжэнні? Хто мог гэта рашыць?
Астраномы дапускаюць, што нябачнае паўшар’е Луны па сваёй будове зусім падобна да паўшар’я бачнага. Сапраўды, з прычыны невялікіх ваганняў Луны відаць амаль сёмая частка гэтага нябачнага паўшар’я, і ў гэтых месцах відаць такія-ж горы і раўніны, цыркі, кратэры, якія ўжо занесены на карту бачнага паўшар’я. Можна, значыць, з упэўненасцю дапусціць, што і там — тая-ж самая прырода, той-жа свет, бясплодны і нежывы.
Але, што калі атмасфера існуе, іменна, на тым баку? Што калі разам з паветрам вада дала жыццё мацерыкам? Што калі расліннасць там яшчэ захавалася? Што калі жывёлы засяляюць гэтыя мацерыкі і моры? Што калі пры гэтых умовах заселенасці жыве там і чалавек?