— Так, — сказаў Ніколь, — ён можа пайсці або па парабале, або па гіпербале.
— Гэта правільна, — адказаў Барбікен. — Пры адной скорасці ён пойдзе па парабале, пры другой, больш значнай, скорасці пойдзе па гіпербале. Але якую іменна скорасць мае снарад у сучасны момант — гэтага вырашыць я не магу.
— Люблю громкія словы! — ускрыкнуў Мішэль Ардан. — Як пачуеш іх, дык нібы ўжо і зразумеў, у чым справа. А дазвольце запытаць, што вы называеце парабалай?
— Парабала, мой мілы, — адказаў Ніколь, — гэта незамкнутая, бясконцая крывая лінія. Яе можна вызначыць як перасячэнне конуса плоскасцю, паралельнай адной з яго утвараючых.
— А, вось як! — сказаў Мішэль здаволеным тонам.
— Гэта крывая, — дадаў Ніколь, — падобна на тую, якую апісвае сваім палётам бомба, пушчаная з мартыры.
— Добра! А гіпербала? — спытаў Мішэль.
— Гіпербала — гэта таксама незамкнутая крывая, утвораная сячэннем конуса плоскасцю, паралельнай яго асі. Яна складаецца з двух галін, якія цягнуцца да бясконцасці.
— Няўжо гэта так? — ускрыкнуў Ардан самым сур’ёзным тонам, нібы яму паведамілі аб нейкім небывалым здарэнні. — Ну, цяпер, капітан Ніколь, заўваж наступнае: у тваім вызначэнні гіпербалы мне падабаецца тое, што яно яшчэ менш для мяне зразумела, чым слова, значэнне якога ты стараешся вызначыць!
Ніколь і Барбікен мала звярталі ўвагі на жарты Ардана. Іх хвалявала пытанне, па якой крывой паляціць ядро. Адзін стаяў за гіпербалу,