Старонка:З пушкі на Луну.pdf/383

Гэта старонка была вычытаная

засталіся толькі адны палкі ды абсмаленыя трубкі кардону. Хто можа растлумачыць прычыну гэтых змен?

Барбікен не слухаў Ардана. Ён глядзеў на краі «Клавіуса», якія складаліся з гор на дзесятак кілометраў у шырыню. У глыбіні вялізнай упадзіны відаць былі адтуліны сотні патухшых маленькіх кратэраў, якія баразнілі глебу і здалёк нагадвалі нешта накшталт дзівоснай шумоўкі. Над гэтымі кратэрамі ўзвышаўся пік у 5 000 метраў.

Навакольная даліна мела самы бязлюдны выгляд. Нічога не магло быць смутнейшага за гэтыя разбураныя горы, за гэтыя абломкі пікаў, якія закрывалі глебу.

Снарад усё рухаўся наперад. Цыркі, кратэры, абваленыя горы бесперапынна цягнуліся адны за аднымі. Гэта было нешта накшталт бясконцай Швейцарыі ці Нарвегіі. Нарэшце, у цэнтры перакапанай краіны ўзвышалася цудоўная гара луннага дыска, асляпляючы «Ціхо», якому патомства назаўсёды захавае імя вядомага дацкага астранома.

Хто назірае поўную Луну на бязвоблачным небе, той абавязкова заўважыць гэту бліскучую кропку паўднёвага паўшар’я.

Ардан прышоў у захапленне і абзываў яе ўсімі пахвальнымі параўнаннямі, якія толькі магло яму даць палкае выабражэнне. На яго думку, «Ціхо» быў агністы цэнтр святла, цэнтр выпрамянення, кратэр, выкідаючы праменні, трубка зіхатлівага кола, асляпляючая марская зорка, сціскаючая дыск сваімі срабрыстымі пальцамі, вялізнае вока, поўнае полымя, зорка, кінутая ў прастору і разбітая аб лунны дыск, і т. д., і т. д.