Прырода, аднак, не пакінула зусім пустой глыбіню гэтага кратэра. Падарожнікі адрознілі вельмі ясна конусы, цэнтральныя ўзгоркі, выгіны глебы. Там рысавалася нібы месца для храма, тут — памяшканне для форума; у адным месцы — фундаменты для палаца, у другім — плошча для цытадэлі. Над усім гэтым панавала цэнтральная гара ў 500 метраў. Абшырны цырк, у якім увесь даўні горад Рым, хаця-б ён быў у дзесяць разоў большы, мог-бы добра памясціцца!
РАЗДЗЕЛ ХVIII
Важныя пытанні
Снарад між тым пранёсся ўжо над «Ціхо». Барбікен і яго таварышы назіралі з найвялікшай увагай за бліскучымі палосамі, якія славутая гара раскідала па ўсіх напрамках.
Што гэта за прамяністы арэол? Што ўтварае гэтыя агністыя праменні?
Гэта пытанне, як і трэба, вельмі непакоіла Барбікена.
Перад яго вачыма ва ўсіх напрамках цягнуліся светланосныя палосы, адны шырынёю ў 20, другія ў 50 кілометраў. У некаторых месцах гэтыя агністыя палосы мігцелі на працягу тысячы кілометраў ад «Ціхо» і, здавалася, закрывалі, асабліва к усходу і поўначы, палавіну паўднёвага паў- шар’я. Адна такая паласа святла ішла, закругляючыся да «Мора Нектара», перарэзвала яго і, прабегшы 1 200 кілометраў, разбівалася аб ланцуг «Пірынеяў». Іншыя палосы цягнуліся мігатлівымі ніткамі к захаду і закрывалі моры «Воблакаў» і «Вільгаці» нібы прамяністай сеткай.