Адкуль браліся ўсе гэтыя ззяючыя праменні, якія беглі і па раўнінах і па гарах, якая-б ні была іх вышыня? Усе праменні ішлі з агульнага цэнтра — з кратэра «Ціхо».
Гершэль прыпісваў бліскучы іх выгляд даўнім патокам лавы, застыўшай ад холаду, але гэта думка не была прынята. Другія астраномы бачылі ў невытлумачаных праменнях рады вялізных глыб і скал, знесеных лёдам.
— Што-ж, гэта прыдумана ўдала, — сказаў Ніколь, якому Барбікен выкладаў розныя вучоныя думкі.
— Правільнасць гэтых бліскучых ліній і сіла, неабходная для перанясення вулканічных вяшчэстваў на такую адлегласць, нерастлумачальны! — сказаў Барбікен.
— Ужо і нерастлумачальны! — засупярэчыў Ардан. — Па-мойму, вельмі лёгка растлумачыць паходжанне гэтых праменняў.
— Сапраўды? — прагаварыў Барбікен.
— Сапраўды, — адказаў Ардан. — Калі я скажу вам, што гэта абшырная зоркападобная трэшчына падобна на тую, якую робіць на шкле ўдар кулі ці каменя, дык усё і будзе сказана.
— Надзвычайна! — адказаў Барбікен, усміхаючыся. — Ну, а чыя-ж магутная рука кінула камень, які зрабіў такі ўдар?
— Рука тут зусім і непатрэбна, — адказаў Ардан, ані не саромячыся, — а што да каменя, то дапусцім, што месца каменя тут заняла камета.
— Камета? Куды толькі не суюць гэтыя каметы! Найпаважанейшы Мішэль, тваё тлумачэнне добрае, але камета лішняя тут, можаш яе забраць. Удар, зрабіўшы гэтую трэшчыну, мог адбыцца з нетраў самай Луны. Гэта зоркападоб-