цяпла і цяпла ўнутранага расліннасць павінна была хутка развівацца на падрыхтаванай для яе глебе, і, вядома, каля гэтай эпохі тут з’явілася жыццё, таму што прырода ніколі не выдаткоўвае сваіх дароў бескарысна: свет, годны для засялення, павінен быць заселены.
— Аднак, — засупярэчыў Ніколь, — многа-ж з’яў, якія залежаць ад руху нашага спадарожніка, павінны былі перашкаджаць развіццю і расліннасці, і жывёл. Хаця-б, напрыклад, гэтыя дні і ночы, што цягнуцца па 354 гадзіны…
— На зямных полюсах яны бываюць па шэсць месяцаў, — заўважыў Ардан.
— Ну, гэта аргумент не асабліва сільны, таму што на полюсах-то якраз і не жывуць.
— Заўважце, сябры мае, — сказаў Барбікен, — што калі ў сучасны момант гэтыя доўгія ночы і доўгія дні з’яўляюцца прычынай тэмператур, нязносных для арганізма, то ў даўнейшыя часы гэта было не так. Тады атмасфера засцілала лунны дыск густым пакрыццём, а гэта стрымлівала пякучасць сонечных праменняў і затрымлівала начное выпрамяненне… Акрамя таго, я вас здзіўлю…
— Здзіві, — ахвотна згадзіўся Ардан.
— Я, бачыце, дапускаю, што ў эпоху жыцця на Луне ночы і дні не былі па 354 гадзіны…
— Чаму?
— Таму, што тады, пэўна, перыяд вярчэння Луны каля сваёй асі не раўняўся яе перыяду абарачэння вакол Зямлі, — гэта роўнасць, як вядома, падстаўляе кожную кропку дыска пад дзеянне сонечных праменняў на працягу цэлых пятнаццаці сутак.