Барбікена такая перамена азадачыла. Калі снараду суджана было абарачацца вакол Луны, дык чаму-ж ён не павярнуўся да яе сваёй найбольш цяжкаю часткаю?
Назіраючы за рухам снарада, можна было заўважыць, што ён ляцеў, ухіляючыся ад Луны, па такой-жа крывой лініі, якую ён апісваў, калі да яе набліжаўся, г. зн. перамяшчаўся па вельмі расцягнутаму эліпсу і, як відаць, вяртаўся да той-жа кропкі, дзе ўроўнаважваюцца прыцяжэнні Зямлі і яе спадарожніка.
Так, прынамсі, рашыў Барбікен на падставе сваіх меркаванняў.
— Што-ж з намі будзе, калі мы дасягнем гэтай мёртвай кропкі? — спытаў Ардан.
— Невядома, — адказаў Барбікен.
— Але можна зрабіць якія-небудзь дапушчэнні, я думаю?
— Можна зрабіць два дапушчэнні. Ці скорасць снарада будзе недастатковай, і ён вечна застанецца ў гэтай мёртвай кропцы…
— Гавары другое дапушчэнне! — перабіў Ардан. — Якім-бы яно не было, горшым за першае не будзе.
— Ці скорасць акажацца дастатковай, і снарад зноў будзе рухацца і векі вечныя абарачацца вакол Луны.
— Стаць ніжэйшымі служкамі Луны, калі мы Луну прывыклі лічыць за служку, рэч несуцяшальная! — сказаў Ардан. — Прызнаюся, варта пазайздросціць! Чаго-ж вы замоўклі?
— Ды няма чаго адказваць, — сказаў Ніколь.
— Ці нельга паспрабаваць…
— Не, — перабіў Барбікен. — Хіба можна змагацца з немагчымым?