— Чаму-ж нельга? Француз і два амерыканцы — такі народ, што і перад немагчымым не адступяць!
— Дык што-ж ты хочаш рабіць?
— Забраць у свае рукі рух, які нас гоніць.
— Забраць у рукі?
— Так, так, — адказваў Ардан з натхненнем, — забраць у рукі рух, спыніць яго ці змяніць; адным словам, скарыстаць яго як след для сваёй патрэбы!
— Як-жа гэта?
— Гэта ўжо вас датычыцца. Калі артылерысты не ўмеюць справіцца са сваімі снарадамі, дык яны не артылерысты, а… Калі снарад камандуе кананірам, дык варта ўжо не снарадам, а гэтым кананірам зарадзіць пушку! Прызнаюся, знатныя вучоныя! Вось і сядзяць на мелі! Падманулі мяне, а цяпер…
— Падманулі? — крыкнулі Барбікен і Ніколь. — Падманулі? Што ты хочаш сказаць?
— Цяпер не да спрэчак! Я не крыўджуся. Прагулка мне падабаецца! Снарад таксама ніштаваты… Але паспрабуем-жа зрабіць усё, што чалавек можа, каб упасці куды-небудзь, калі нельга ўпасці на Луну.
— Мы вельмі рады паспрабаваць, Мішэль, — адказаў Барбікен, — але ў нас няма ніякіх сродкаў…
— Мы не можам змяніць руху снарада?
— Не.
— Не можам паменшыць яго скорасць?
— Не!
— Нават калі мы яго зробім лягчэйшым? Ведаеце, як робяць лягчэйшымі занадта нагружаныя судны?