гэтая была пакуль што яшчэ нерастлумачальна, але яна спрыяла планам Барбікена.
Яшчэ семнаццаць гадзін, і настане час дзейнічаць.
Дзень гэты здаўся доўгім. Якой ні была адвага, усё-ж сэрца мімаволі замірала пры думцы, што вось настане хвіліна, калі вырашыцца — ці суджана ўпасці на Луну, ці суджана вечна кружыцца вакол яе.
Яны лічылі гадзіны і хвіліны. Барбікен спрабаваў заняцца вылічэннямі, Ніколь таксама. Ардан хадзіў узад і ўперад па металічнай турме і паглядваў на абыякавую Луну.
Час-ад-часу яны ўспаміналі пра Зямлю; яны бачылі перад сабою сваіх сяброў, членаў Пушачнага клуба, і з іх самага мілага іх сэрцу — Мастона…
У гэту хвіліну паважаны сакратар павінен быў займаць свой пост на Скалістых гарах. Калі ён убачыць снарад у шкло гіганцкага тэлескопа, што ён падумае? Ён бачыў, як снарад знік ззаду паўночнага полюса Луны, і раптам цяпер ён з’яўляецца з полюса паўднёвага! Гэта значыць — спадарожнік спадарожніка!
Дзень, аднак, пражылі без прыгод. Настала зямная поўнач; надыходзіла 7 снежня. Яшчэ гадзіна — і пункт роўнага прыцяжэння будзе дасягнуты.
Якую скорасць меў снарад? Гэтага нельга было вылічыць. Але запісы Барбікена былі дакладныя, і ў гадзіну раніцы скорасць павінна была раўняцца нулю.
Акрамя прыпынку ў нейтральным пункце, павінна была вызначыцца і другая з’ява. У гэтым месцы прадметы не будуць больш мець вагі.
Вось у гэту хвіліну і трэба будзе дзейнічаць.