— Што-ж, тэлеграму прыслаць? — спытаў адзін афіцэр.
— Не, і не тэлеграму, — адказаў мічман, ані не чырванеючы. — Але наладзіць зносіны зусім няцяжка.
— Як-жа гэта?
— Пры дапамозе Лонгспікскага тэлескопа. Вы ведаеце, ён набліжае Луну на адлегласць 8-мі кілометраў ад Скалістых гор і дазваляе бачыць на яе паверхні ўсе прадметы, якія маюць дзевяць футаў у дыяметры. Ну, і няхай нашы лунныя героі зробяць велізарную азбуку, няхай напішуць словы даўжынёю ў 200 метраў, а сказы — даўжынёю на цэлыя кілометры! Такім чынам яны добра змогуць перадаваць нам свае навіны!
Усе апладыравалі мічману, у якога было такое палкае выабражэнне.
Нават лейтэнант згадзіўся, што гэта думка не пазбаўлена падставы.
Лейтэнант дадаў яшчэ, што, пасылаючы праменні, сабраныя пры дапамозе люстраў, можна наладзіць прамыя зносіны: гэтыя праменні будуць таксама відаць на паверхні Венеры ці Марса, як планета Нептун відаць з Зямлі, і што бліскучыя кропкі, якія былі ўжо відны на бліжэйшых планетах, маглі быць сігналамі, якія падаваліся Зямлі.
Але лейтэнант тут-жа заўважыў, што калі і магчыма атрымліваць весткі з Луны на Зямлю, то з Зямлі на Луну вестак усё-ж пасылаць нельга — хіба толькі ў тым выпадку, калі жыхары Луны таксама маюць у сваім распараджэнні трубы для далёкіх назіранняў.
— Самае цікавае, па-мойму, цяпер — тое, што сталася з падарожнікамі, што яны зрабілі, што яны бачылі, — сказаў адзін афіцэр. — Калі гэты першы