лістыя горы. Яго суправаджаў Бельфаст, дырэктар Кембрыджскай абсерваторыі.
Прыбыўшы на месца, абодва прыяцелі ўстроіліся як маглі лепш і не адыходзілі ад свайго велізарнага тэлескопа.
Чытач памятае, што каласальная труба так была зроблена, што падаўшыя ў яе праменні толькі адзін раз адбіваліся, і таму ізабражэнні былі куды яснейшыя, чым у тэлескопах іншых сістэм. З прычыны такой будовы трубы Мастон і Бельфаст у час сваіх назіранняў павінны былі знаходзіцца ў верхняй частцы тэлескопа.
Яны ўзлазілі туды па кручанай лесніцы, і пад імі адкрываўся металічны калодзеж, з люстрам на дне на глыбіні дзвяноста метраў.
Вучоныя праводзілі час на вузкай платформе, праклінаючы святло дня, якое хавала ад іх Луну, і воблакі, якія ўпарта засланялі яе ўначы.
Якой-жа была іх радасць, калі, нарэшце, пасля доўгіх дзён марнага чакання, у ноч на 5-е снежня яны заўважылі снарад, які нёс іх прыяцеляў у прастору. За гэтай вялікай радасцю паследавала не менш вялікае расчараванне. Занадта ўспаклаўшыся на першыя назіранні, яны далі сваю першую тэлеграму, у якой сцвярджалі, што снарад стаў спадарожнікам Луны і абарачаецца вакол яе па нязменнай арбіце.
З той хвіліны снарад ужо больш не паказваўся, але яго знікненне лёгка можна было вытлумачыць тым, што ён праходзіў ззаду дыска Луны.
Але калі снарад, які павінен быў зноў з’явіцца на бачным дыску, не з’явіўся, палкі Мастон і не менш палкі Бельфаст проста закіпелі ад нецярплівасці. Яны кожную хвіліну спадзяваліся ўбачыць снарад і — не бачылі яго!