Старонка:З пушкі на Луну.pdf/416

Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ ХХІІ

Выратаванне

Месца ў акіяне, дзе ўпаў снарад, было добра вядома: нехапала толькі сродкаў схапіць яго і выцягнуць на паверхню акіяна.

Трэба было гэтыя сродкі прыдумаць, а пасля зрабіць.

Амерыканскія інжынеры, канечна, не сталі ў тупік перад такой дробяззю. Варта было пусціць у ход пару, і яны былі ўпэўнены, што снарад, не гледзячы на свой цяжар, які, акрамя таго, значна зменшыўся ў вадзе[1], будзе выцягнуты.

Але недастаткова было выцягнуць снарад. Трэба было чым хутчэй вызваліць падарожнікаў. Ніхто не сумняваўся ў тым, што яны жывыя.

— Яны жывыя, жывыя! — паўтараў раз-по-раз Мастон. — Нашы прыяцелі людзі разумныя і кемлівыя. Яны не маглі ўпасці, як дурні. Яны жывыя, але трэба паспяшыць… трэба паспяшыць. Яда і піццё — глупства; яны ўсяго гэтага назапасілі надоўга, але паветра! Паветра! Вось чаго хутка няхопіць! Хутчэй, хутчэй! Не трацце часу!

І часу не трацілі.

Машыны «Сускеганы» прыстасавалі так, каб яны маглі дзейнічаць пад’ёмнымі ланцугамі. Снарад быў куды лягчэйшы за трансатлантычны кабель, які выцягнулі са дна Атлантычнага акіяна пры такіх-жа ўмовах. Адзіная перашкода была ў тым, што сценкі цыліндра-канічнага снарада былі зусім гладкія, і ўхапіць яго, значыцца, не так лёгка.

  1. Згодна закону Архімеда, усякае апушчанае ў вадкасць цела становіцца лягчэйшым на столькі, колькі важыць выціснутая ім вадкасць.