Інжынер Мерчызон безадкладна прыехаў у Сан-Францыско з мэтай зрабіць вялізныя жалезныя лапы аўтаматычнай сістэмы, якія, калі-б толькі захапілі ядро сваімі магутнымі лапамі, то ўжо не выпусцілі-б. Мерчызон, акрамя таго, загадаў падрыхтаваць скафандры, якія дазваляюць вадалазам даследаваць марское дно.
Камеры са сціснутым паветрам таксама былі дастаўлены на карвет.
Гэта былі сапраўдныя пакоі, з адтулінамі замест акон. Пры запаўненні іх вадою яны маглі апусціцца вельмі глыбока.
У Сан-Францыско будавалі падводную плаціну, і таму меліся ўсе гэтыя прыстасаванні.
Аднак, не зважаючы на ўсе дасціпныя прыстасаванні, на ўсё майстэрства і распарадчасць асоб, якія ўзяліся за справу, поспех заставаўся сумніцельным.
Мастон, гатовы сам надзець вадалазны касцюм і выпрабаваць камеры са сціснутым паветрам, падганяў рабочых, не даючы ім спакою ні ўдзень, ні ўначы.
Аднак, як не спяшаліся, як ні стараліся і завіхаліся, усё-ж прайшло пяць дзён — пяць стагоддзяў! — перш чым усе неабходныя падрыхтаванні былі закончаны.
Нарэшце, пад’ёмныя ланцугі, паветраныя пакоі, аўтаматычныя лапы былі дастаўлены на карвет. Мастон, Мерчызон і ўпаўнаважаныя Пушачнага клуба занялі свае каюты. Заставалася толькі выехаць.
21 снежня, а восьмай гадзіне вечара, карвет вышаў у мора пры спрыяючым надвор’і; дзьмуў паўночна-ўсходні вецер, і было даволі холадна. Усё насельніцтва Сан-Францыско прыбегла на набе-