Старонка:З пушкі на Луну.pdf/428

Гэта старонка была вычытаная

Я. ПЕРЭЛЬМАН


ПРАЕКТЫ ПАДАРОЖЖАЎ НА ЛУНУ

І. ПАПЯРЭДНІКІ ЖУЛЯ ВЕРНА

З часу выхаду ў свет гэтага рамана прайшло ўжо каля 70 гадоў — і ўсё-ж ён застаецца непераўзыйдзеным узорам распрацоўкі ідэі міжпланетнага пералёту ў форме цікавага навукова-фантастычнага рамана. Кажуць, у свеце ідэй, як і ў свеце жывых істот, не бывае адвольнага зараджэння, а ёсць толькі эвалюцыя: новая думка заўсёды развіваецца з іншых, выказаных раней. Калі гэта прымяніма да ідэй літаратурных твораў наогул, то раман Жуля Верна «З пушкі на Луну» безумоўна з’яўляецца выключэннем. Сярод папярэдніх такіх твораў мы не знаходзім ні аднаго, ідэя, якога мела-б хаця далёкае падабенства з асноўнай думкай гэтага рамана. Фантастычныя апісанні падарожжаў на Луну, напісаныя да Жуля Верна, складзены далёка не ў тым рэальным, навуковым духу, які так выгодна выдзяляе раман «З пушкі на Луну».

Спынімся крыху на гэтых папярэдніках Жуля Верна, каб упэўніцца, якая вялікая розніца між добрасумленна-навуковай манерай Жуля Верна і безадказнай фантазіяй многіх іншых аўтароў.