Старонка:З пушкі на Луну.pdf/432

Гэта старонка была вычытаная

для фантастычных падарожжаў на планеты. У лютым гэтага года ў Парыжы быў выдан раман славутага французскага пісьменніка Александра Дзюма (бацькі) «Падарожжа на Луну», дзе апавядаецца аб палёце на Луну верхам на арле (!). У сакавіку з’явілася ў Лондане «Падарожжа на Луну» малавядомага аўтара, які не сказаў аб самім спосабе пералёту. У красавіку ў Парыжы было выдана яшчэ адно луннае падарожжа — на гэты раз з дапамогаю прыдуманага вешчаства, маючага здольнасць «адштурхвацца ад Зямлі». У маі з’явіўся фантастычны раман «Насельнік Меркурыя» — твор, навуковасць якога не вышэйшая, чым у папярэдніх.

Захоплены агульнай літаратурнай плыняю, Жуль Верн заняўся той-жа тэмай і пакінуў патомству выдатны твор, якога не было не толькі ні ў каго з папярэднікаў Жуля Верна, але і ў яго паслядоўцаў у пазнейшай літаратуры. Яго адзіныя ўдалыя паслядоўцы — нямецкі раманіст Курт Ласвіц і англійскі Герберт Уэлс — карысталіся для міжпланетных пералётаў чыста фантастычным сродкам: вешчаством, якое не падвяргаецца цягаценню (Ласвіц) або ахоўвае ад яго (Уэлс). Жуль Верн стварыў фантастычны раман, нідзе не карыстаючыся, па сутнасці, фантастычнымі сродкамі, не прыдумваючы нічога такога, чаго не існуе ў прыродзе або ў арсенале тэхнікі. Ён толькі майстэрскі скамбінаваў вядомыя навуцы і тэхніцы сродкі. Дасціпныя выдумкі яго здзіўляюць адначасова і нечаканасцю і праўдападобнасцю. У гэтым карэннае адрозненне Жуля Верна ад яго папярэднікаў і пераймальнікаў, і ў гэтым вялізнае адукацыйнае значэнне яго творчасці.

Лёгкая, вясёлая манера пісьма Жуля Верна