— У восем разоў большае, г. зн. у 48 тысяч разоў. Тады тэлескоп прывядзе Луну да нас на адлегласць усяго ў восем кілометраў, а з такой адлегласці можна бачыць прадметы дыяметрам каля трох метраў.
— Выдатна! — усклікнуў Мастон. — Значыцца, наша ядро будзе мець дыяметр тры метры. Гэта цудоўнае ядро!..
— Якраз тры метры.
— Дазвольце, аднак, заўважыць, — зноў засупярэчыў маёр Эльфістон, — што пры гэтым дыяметры атрымаецца такая велізарная вага, што…
— Маёр, дазвольце вас перапыніць! — адказаў Барбікен. — Вагу ядра мы будзем зараз абмяркоўваць, але раней напомню аб тым, чаго дасягнулі ўжо нашы продкі. Канешна, нечага гаварыць аб тым, што балістыка не прагрэсіруе, але ці ведаеце вы, што ў сярэднія вякі рабілі дзіўныя ядры і атрымлівалі рэзультаты, у некаторых адносінах яшчэ больш дзіўныя, чым пры сучасных нашых поспехах?
— Ну, вось яшчэ! — засупярэчыў Морган.
— Дакажыце вашы словы! — з палкасцю ўсклікнуў Мастон, яшчэ больш закрануты такім замахам на гонар сучаснай балістыкі.
— Няма нічога лягчэйшага, — спакойна адказаў Барбікен. — Напрыклад, у 1453 годзе, пры асадзе Канстантынопаля Магаметам ІІ, кідалі каменныя ядры вагой па 1900 фунтаў. Вы разумееце, якіх размераў былі гэтыя ядры?
— Ой, ой! — усклікнуў маёр. — 1900 фунтаў — гэта значная вага…
— На востраве Мальце, у часы рыцарскага Мальтыйскага ордэна, крэпасць мела пушкі, якія выпускалі ядры вагой у 2500 фунтаў.