Старонка:З пушкі на Луну.pdf/53

Гэта старонка была вычытаная

— Ну, як-жа вы надумалі адносна алюмінія? — перапытаў старшыня.

— Прынята! — адказалі члены камітэта.

— Што-ж да формы снарада, — дадаў Барбікен, — то ў даным выпадку яна амаль не мае значэння, бо снарад хутка праляціць праз атмасферу і будзе ляцець праз пустую прастору. Таму я прапаную форму шара. Няхай сабе наша бомба круціцца вакол сваіх восей, як ёй хочацца.

Гэтым закончылася першае паседжанне камітэта, на якім вырашылася пытанне аб снарадзе. Паважаны сакратар Мастон голасна выказаў сваю радасць па поваду рашэння паслаць жыхарам Луны алюмініевую бомбу:

— Няхай гэтыя панове атрымаюць належнае паняцце аб жыхарах Зямлі!


РАЗДЗЕЛ VII

Пушка

Пастановы, прынятыя камітэтам Пушачнага клуба на паседжанні 8 кастрычніка, усюды зрабілі вялікі ўплыў. Людзі не асабліва храбрага дзесятка проста палохаліся думкі, што ў прастору будзе пушчана бомба вагой каля дзевяці тон. Яны запытвалі ў сябе і іншых: якой-жа велічыні будзе пушка, якая выштурхне такі снарад, ды яшчэ са скорасцю ў адзінаццаць кілометраў? На гэтыя пытанні павінен быў бліскуча адказаць пратакол другога паседжання камітэта.

На другі вечар, 9 кастрычніка, камітэт Пушачнага клуба зноў быў на паседжанні перад гарою сандвічоў і велізарнымі запасамі чаю. Спрэчкі