пушка павінна быць даўжынёй прынамсі каля поўмілі!
— Каля поўмілі! — ускрыкнулі генерал і маёр.
— Так! Каля поўмілі! І таго мала!..
— Ну, Мастон. — адказаў Морган. — Вы ўжо ўзялі цераз край…
— Ніколькі, — засупярэчыў кіпучы сакратар, — і я не ведаю нават, на якой падставе вы сцвярджаеце, што я пераўвялічваю…
— Таму што вы ўжо занадта далёка заляцелі…
— Ведайце, шаноўны судар, — урачыста-патэтычна выклікнуў Мастон, — ведайце, што артылерыст, як і яго снарад, не можа заляцець вельмі далёка!
Справа дайшла-б да сваркі, але старшыня спыніў удзельнікаў спрэчкі і, у сваю чаргу, сказаў:
— Супакойцеся, сябры мае! Будзем сур’ёзна абмяркоўваць гэта пытанне. Зразумела, пушка павінна быць вельмі вялікая, таму што пры падаўжэнні гарматы ўзрастае працягласць напору газаў, якія развіваюцца пры загаранні пораху. Але зусім бескарысна пераступаць некаторыя граніцы…
— Правільна, — пацвердзіў маёр.
— Якія суадносіны ўстаноўлены для даўжыні гарматы? Лічыцца, здаецца, што даўжыня пушкі павінна быць у 20–25 разоў большай за дыяметр ядра, а вага яе ў 240 разоў большай за яго вагу?
— Гэтага мала! — усклікнуў нястрымны Мастон.
— Я з вамі згодзен, мой шаноўны дружа, — адказаў Барбікен. — Сапраўды, калі прытрымлівацца такой прапорцыі, то для снарада дыяметрам у тры метры і вагой у 9 тон пушка будзе мець даўжыню толькі семдзесят пяць метраў.
— Гэта да смешнага мала! — зноў перахапіў Мастон. — Ці не ўзяць ужо тады пісталет?!