— Ну, вось і гатова пушка, — зноў перабіў Мастон.
— Яшчэ не зусім, — сказаў Барбікен, жэстам супакойваючы свайго нецярплівага прыяцеля.
— Чаму? — захваляваўся неўгамаваны Мастон.
— Таму што мы не вызначылі яшчэ формы нашай гарматы: ці будзе гэта пушка, гаубіца ці мартыра[1].
— Пушка! — адказаў Морган.
— Гаубіца! — засупярэчыў маёр.
— Мартыра! — крыкнуў Мастон.
Спрэчкі гатовы былі перайсці ў даволі гарачую сварку, бо кожны пачаў пералічаць перавагі сваёй улюбёнай гарматы; але старшыня хутка спыніў спрэчнікаў.
— Сябры мае, — сказаў ён, — я зараз вас паміру. Наша калумбіяда злучыць у сабе ўсе тры тыпы буйных агнестрэльных гармат. Гэта будзе пушка, таму што парахавая камера будзе мець той-жа дыяметр, што і канал. Гэта будзе гаубіца, таму што яна выпусціць бомбу. Урэшце, мартыра, таму што ствол яе будзе ўстаноўлен пад вуглом 90° да гарызонта.
Прапанова Барбікена была аднагалосна прынята камітэтам.
— Дазвольце яшчэ пытанне, — сказаў Эльфістон: — гэта гаубіца-мартыра-пушка будзе наразная ці гладкаствольная?
- ↑ Пушкаю называецца доўгая гармата для прыцэльнай стральбы. Мартыра — кароткая гармата для навеснай стральбы. Гаубіца — сярэдняй даўжыні гармата для перакідной стральбы. Даўжыня гарматы вымяраецца не метрамі, а „калібрамі“, г. зн. лікам дыяметраў яго канала; пушка ў 30 калібраў даўжэйшая за дыяметр свайго канала ў 30 разоў.