Лёгка сабе ўявіць размах амерыканскай вынаходлівасці пасля арганізацыі такога спецыяльнага клуба. Ваенныя гарматы пачалі прымаць каласальныя размеры, а снарады, пры выпрабаваннях гармат, пачалі пералятаць цераз усе вылічаныя і дазволеныя адлегласці, часта пападаючы ў бязвінных падарожных, якіх яны пераразалі папалам… Хутка ўсе гэтыя вынаходствы пакінулі далёка ззаду сучасныя ім еўрапейскія гарматы, якія, у параўнанні з амерыканскімі, пачалі здавацца зусім малых, амаль нязначных размераў.
Новыя амерыканскія гарматы прыносілі свае смяротныя плады: пасля кожнага іх стрэлу праціўнікі падалі цэлымі радамі, нібы каласы пад касою. Руйнуючы агонь напалеонаўскіх пушак вырашыў лёс славутых бітваў пры Іене і Аустэрліцы і лічыцца «класічным» у ваеннай гісторыі. Але гэта былі толькі «красачкі» артылерыйскай «прадукцыйнасці»! У час амерыканскай вайны, у бойцы пры Гетысбургу[1], канічны снарад, выпушчаны з наразной пушкі, забіў насмерць сто шэсцьдзесят тры воіны поўдня. Такі-ж адзін родмэнаўскі снарад, пры пераправе цераз р. Патамак, забіў не больш і не менш як трыста воінаў поўдня. Неабходна таксама ўспомніць аб вялізнай мартыры, вынайдзенай Дж. Т. Мастонам, выдатным членам і пажыццёвым сакратаром Пушачнага клуба.
Мартыра Мастона пабіла ўсе існаваўшыя да таго часу рэкорды «знішчэння»: ад першага яе стрэлу было забіта трыста трыццаць сем чалавек,
- ↑ Крывавая бойка 1863 г., у якой перамаглі паўночныя штаты.