і больш танным. Я галасую за чыгун. Спадзяюся, маёр, што і вы са мной згодны.
— Цалкам згодзен.
— Сапраўды, — казаў далей Барбікен, — чыгун таннейшы за бронзу ў дзесяць разоў; ён добра плавіцца, яго можна проста выліваць у земляныя формы; прытым ён і апрацоўваецца лёгка. Такім чынам мы атрымаем вялікую эканомію і ў грошах і ў часе. Наогул гэта выдатны матэрыял. Я памятаю, у час асады Атланты чыгунныя пушкі стралялі праз кожныя дваццаць мінут, па тысячы разоў кожная, і, тым не менш, ні адна з іх не сапсавалася.
— Аднак, чыгун вельмі ломкі, — заўважыў генерал.
— Так, але і вельмі моцны; акрамя таго, наша пушка, запэўняю вас, не разарвецца, — адказаў Барбікен.
— А калі і разарвецца, — сказаў з асаблівай сур’ёзнасцю Мастон, — дык гэта не ганьба для вынаходцы…
— Вядома, — згадзіўся Барбікен. — Такім чынам, я папрашу нашага паважанага сакратара вылічыць вагу чыгуннай пушкі, даўжынёю ў трыста метраў, з унутраным дыяметрам тры метры і пры таўшчыні сценак у два метры.
— У адзін момант! — адказаў Мастон.
І, як раней, ён напамяць, са здзіўляючай хуткасцю, выпісаў усе патрэбныя яму формулы.
Праз хвіліну ён сказаў:
— Гармата будзе важыць 68 040 тон.
— Чыгун каштуе два цэнты фунт. Колькі-ж будзе каштаваць увесь чыгун?..
— 2 510 701 далараў.