перш за ўсё ад яго якасці, і таму, я думаю, маёр скажа нам цяпер, які гатунак пораху лічыць ён найбольш прыгодным для нашага стрэлу.
— Я прапаную буйназярністы порах, — адказаў маёр, — ён запальваецца хутчэй, чым дробназярністы.
— Гэта так, — засупярэчыў генерал, — але ён хутка засмечвае пушку.
— Ну, вось! — адказаў Эльфістон. — Я гэтага не чакаў. Гэтыя недахопы могуць мець значэнне толькі для пушкі, якая страляе часта і доўга, але ніяк не для нашай калумбіяды, якая стрэліць усяго адзін раз. Нам не пагражае небяспека, што пушка разарвецца; наадварот, для нас неабходна, каб порах загарэўся ў адзін міг, таму што, чым хутчэй загарыцца порах, тым паўней і механічнае яго дзеянне.
— Можна-б узяць дробназярністы порах, — прапанаваў Мастон, — і зрабіць некалькі затравак, каб адначасова запаліць порах з розных бакоў.
— Вядома, і гэта можна, — адказаў Эльфістон, — але гэта надзвычай ускладніць кіраванне пушкай; таму я зноў прапаную буйназярністы порах, які цалкам адхіляе названыя цяжкасці.
— Няхай будзе так, — адказаў генерал. — Я згодзен на буйназярністы.
Да гэтага часу Барбікен не ўступаў у спрэчкі. Ён даў магчымасць гаварыць другім, а сам слухаў. Відаць, ён абдумваў нейкую сваю прапанову. Таму ён толькі запытаў:
— А колькі-ж трэба будзе, па-вашаму, пораху, сябры мае?
Члены камітэта пераглянуліся.
— Дзвесце тысяч фунтаў! — сказаў, урэшце, Морган.