Старонка:З пушкі на Луну.pdf/75

Гэта старонка была вычытаная

тады ўвесь заняты вылічэннямі для сваёй вялікай справы.

Але гнеў капітана Ніколя дайшоў да параксізма, калі Барбікен паведаміў Пушачнаму клубу аб сваёй славутай справе. Тут была і вострая зайздрасць да поспеху саперніка і ўсведамленне поўнага бяссілля перад ім.

Чым можна зацміць калумбіяду даўжынёю ў трыста метраў?! Ці магчыма выкаваць броню, якая стрымала-б дзевяцітонны снарад?

Капітан Ніколь адчуў сябе спачатку зняважаным, знішчаным, прабітым гэтым страшэнным снарадам. Аднак, ён хутка апамятаўся, стаў на ногі і рашыў раздушыць праект Барбікена цяжкасцю сваіх абвяржэнняў.

Ён заўзята напаў на ўсе работы Пушачнага клуба. Ён напісаў у рэдакцыі мноства пісем, якія газеты, вядома, змяшчалі з задаваленнем з прычыны велізарнай цікавасці публікі да пытанняў, узнятых Пушачным клубам. Ён стараўся знішчыць навуковае значэнне праекта Барбікена, але пры гэтым, трэба прызнацца, не заўсёды захоўваў навуковую сумленнасць: Ніколь не грэбаваў ніякімі довадамі, хаця-б самымі нацягнутымі і неабгрунтаванымі абы толькі ўразіць ворага і падарваць яго рэпутацыю.

Перш за ўсё Ніколь прабаваў абвергнуць лічбовыя даныя камітэта Пушачнага клуба. Ён сцвярджаў, што формулы Барбікена няверныя ці няправільна ўжываюцца ім; Ніколь даходзіў да таго, што проста абвінавачваў Барбікена ў неразуменні першапачатковых асноў балістыкі.

Сярод розных нібы памылак Барбікена Ніколь перш за ўсё адзначыў, што зусім немагчыма даць якому-б там ні было зямному целу скорасць у