клімат, — хіба яна забыла свае ўласныя «чорныя ваніты»?..
І Техас таксама меў рацыю.
Да таго-ж, — дадаваў Техас праз прыязны яму «Н'ю-Йоркскі веснік», — Техас заслугоўвае пяршынства, таму што ў яго расце лепшая ў Амерыцы бавоўна, таму што там вырастае лепшы зялёны дуб для будаўніцтва караблёў і таму што ў яго найлепшы каменны вугаль і найбагацейшая жалезная руда, якая дае пяцьдзесят процантаў чыстага металу.
На гэта «Амерыканскі агляд» — палкі абаронца Фларыды — супярэчыў, што хаця глеба Фларыды і не так багата карыснымі выкапнямі, але мае куды больш спрыяючыя ўмовы для фармавання і адліўкі калумбіяды, бо каля берагоў акіяна і Мексіканскага заліва яна мае добрую гліну і найдрабнейшы пясок.
— Але, перш чым адліваць што-небудзь у якой-небудзь краіне, — адказвалі друкаваныя органы Техаса, — трэба да гэтай краіны дабрацца! А дабрацца да Фларыды — справа нялёгкая, таму што ў яе няма ні чыгунак, ні зручных гаваней; а бераг Техаса можа прапанаваць Гальвестонскую бухту, якая мае ў акружыне кілометраў пяцьдзесят і здольна размясціць флоты ўсіх дзяржаў свету.
— Нядрэнна! — выклікалі ў адказ газеты Фларыды. — Што гэта: звычайнае невуцтва ці здрадлівае ашуканства? Ваша Гальвестонская бухта ляжыць вышэй за дваццаць дзевятую паралель, а калумбіяда павінна быць устаноўлена не паўночней дваццаць восьмай. У Фларыды-ж ёсць бухта — Эспірыту-Санто, якраз на дваццаць восьмай паралелі, і па гэтай бухце караблі прама даходзяць да горада Тампа.