Барбікен і яго дружына пачалі падымацца па праваму берагу рэчкі. Хутка за ўзвышшам знікла бухта, і перад іх вачыма раскінулася Фларыдская нізіна.
Фларыда падзяляецца на дзве часткі. Паўночная не такая бязлюдная і гусцей заселена; у ёй знаходзяцца сталіца штата — Талагасі — і адзіная вялікая гавань Фларыды — Пенсакола, у якой арганізованы адзін з найбольш буйных марскіх арсеналаў Злучаных Штатаў. Другая, паўднёвая частка, ляжыць між Атлантычным акіянам і Мексіканскім залівам. Яна падобна на плоскі і вузкі поўвостраў, які бесперапынна размываецца цёплым цячэннем Гольфштрэма. Гэтая маленькая аканечнасць мацерыка ледзь відна з-за цэлага архіпелага астравоў.
Плошча, займаемая Фларыдай, крыху перавышае трыццаць мільёнаў акраў[1]. Барбікену патрэбен быў толькі адзін акр, але з дастатковымі выгадамі для выканання справы Пушачнага клуба; таму Барбікен і яго таварышы паехалі цішэй, уважліва разглядаючы навакольную мясцовасць.
— Не разумею, чаму гэту голую, выпаленую зямлю назвалі Фларыдай, г.зн. «Краінай кветак»! — усклікнуў Мастон. — Можа кветкі — на другім баку поўвострава?
— Пачакайце крыху, — заўважыў інжынер Мерчызон, — мы толькі што пакінулі пясчаны бераг.
Сапраўды, ужо праз некалькі кілометраў ад бязлюднага берагу выгляд мясцовасці пачаў хутка мяняцца, З’явіліся ручайкі і рэчкі; затым паказаліся частыя, хоць і невялікія, азёры; хутка ўсё гэта ўтварыла цэлую вадзяную сець, накшталт ландшафтаў Галандыі або Гвіяны.
- ↑ Акр — 0,4047 гектара.