Старонка:Каравайчык.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

Звычайна, у Купалы незаметна пагоні з яркай вобразнасьцю. Зьмест у яго пануе над усім другім, і вобразы маюць толькі падсобнае, другараднае значэньне. Гэты-ж верш цікавы іменна, як спроба (і высока-ўдачная спроба) даць нізку яскравых вобразаў, выклікаемых вуліцай места. Вось дзеля прыкладу адна страфа гэтага вершу:

«У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж,
Як-бы напяты былі там людзкія жылы,
Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож,
Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы».

Прыгожы верш «Мая навука» ў канцы III разьдзелу мае аўтобіографічны характар.

Поэма «Яна і Я», пачынаючая сабою ІV разьдзел, мае вялікую мастацкую вартасьць. Гэта кусок грубага будзённага жыцьця, з якога ўтворана высока-мастацкая і поэтычная легэнда. Гэта, як пісаньне даўнейшых, старасьвецкіх кніжнікаў: кожная літара, кожная рысачка, кожная драбніца выпісваецца з вялікім стараньнем і замілаваньнем у адным стылю, праходзячым праз усю працу. Па стылю гэтую поэму раўнуюць з творамі індускага поэты Рабіндраната Тагора.

V разьдзел пачынаецца пераказам народнай легэнды аб разбойніку Машэцы, што калісьці жыў на тым мейсцы, дзе цяпер стаіць Магілеў (Магіла Лева). За выключаньнем некаторай слабасьці псыхолёгічнай канвы, тут рэшта ўсё добра.

Што належыцца да «Бандароўны», то праўда, гэта бледны, рэторычны пераказ народнай колёрытнай бальляды. Самая галоўная розьніца яе з народным творам такая, што «Бандароўна» народная―твор строга эпічны, хоць там і гаворыцца аб вельмі трагічнай справе. У Купалы-ж пры пералажэньні гэтай бальляды наплыло шмат рэторычнага суб'ектывівму (напрыкл., у IІІ адрыўку). Пападаюцца і вульгарныя прозаізмы:

«Тая, жартаў не пазнаўшы,
Зьехала па твары».

Купала, як відаць, карыстаўся тлумачэньнем Кастамарава, зьмешчаным у І томе І часьці Шэйна і прыведзеным там адным украінскім варыантам «Бандароўны», але-ж усе роўна там такога выразу «зьехала па твары» няма. (Бандароўна махнула рукой, адбіваючыся, і зачапіла пана).

Шмат больш беспасрэднасьці й поэзіі так-сама ў пераказе народнай легэнды «Страшны вір» (стар. 167).

«Казка аб песьні» ― высока мастацкі адраджэнцкі твор.

Так-сама вельмі добрымі зьяўляюцца: вырасшая на грунце народных вераваньняў «Рунь» (стар. 177) і «Забытая карчма» (стар. 178) у пазьнейшай пераробцы.

Высока поэтычны замысел у вершы «Буслы» (ст. 182). Не разьбіраючы яго падрабязгова, можна ўказаць на адну няпрыемную драбностку: «жабры», папаўшыя дзеля рыфмы к слову «сябры». Гаварыць аб птушках і ўжываць слова «жабры» ніяк ня можна, а то хто-небудзь прачытае ды стане яшчэ вінаваціць поэту ў нязнаньні аб прыродзе таго, што ведае кожны.

Наастатак два словы аб рыфмах у «Спадчыне». Наогул, Купала вялікі ў нас масьцер рыфмы, але ў гэтым зборніку мы сустракаем тое, чаго раней у яго не сустракалі: такія складковыя рыфмы, як «аповесьць―даўно весьць», «слаў-бы―слабы» і др.

Чым-жа зьяўляецца «Спадчына»? Рэцэнзэнт Савецкай Беларусі» грам. Дзяржынскі назваў яе крокам наперад. З гэтым ніяк ня можна згадзіцца. Каб назваць «Спадчыну» крокам наперад, трэба было-б прызнаць, што ў ёй ёсьць вершы больш вартныя, чым у ранейшым пэрыядзе творчасьці Купалы. А гэта ня так. Лепшыя адраджэнцкія вершы «Спадчыны» толькі дасягаюць вышыні ранейшых Купалаўскіх твораў, а другія высока-мастацкія творы, зьмешчаныя ў кніжцы, зьяўляюцца спробаю творчасьці ў новым для поэты кірунку.