Старонка:Каравайчык.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

радку і ладу выкінуты астаткі вершаў, неўвашоўшыя ў другія зборнікі. Гэта ацэнка рэзкая і напэўна шмат каго абразіць з такіх прыхільнікаў Коласа, для якіх усё, выйшаўшае з-пад яго пяра, зьяўляецца амаль не эвангэліяй. Першым і да выхаду «Водгульле» ядыным зборнікам Коласаўскай лірыкі зьяўлялася кніжка «Песьні жальбы», выданая ў 1910 годзе. Ад таго часу Колас шмат напісаў. У 1921 годзе, калі выпраўляўся за граніцу Ц. Гартны як кіраўнік беларускай сэкцыі пры Бэрлінскім аддзяленьні Госіздату Р. С. Ф. C. P., ён павёз з сабою Коласаўскага матар'ялу на некалькі зборнікаў. Пасьля таго як Ц. Гартны ўжо апынууся ў Бэрліне, а ў савецкай фэдэрацыі сеў на пасад пан НЭП, у Менску арганівавалася Коопэрацыйна-выдавецкае Таварыства «Адраджэньне». Тагды Колас сабраў усе выбіркі, неўвайшоўшыя ў другія зборнікі, і такім чынам склалася «Водгульле».

У «Водгульлі» зьмешчаны вершы з розных часоў — ад 1908 да канца 1921 року ўключна. Дзеля гэтага, а так-сама ў сілу вышэйпаказаных прычын (выбіркі, адсутнасьць аддзелаў) — зборнік пэўнай фізіаноміі ня мае, цалкавітага нейкага ўражаньня ня робіць. У зьвязку гэтым, адмоўныя адзнакі выступаюць больш рэзка. Першае, што кідаецца ў вочы,—гэта адсутнасьць новых матываў: поэта і дагэтуль круціцца ў тым самым коле паняцьцяў, ідэй і вобразаў, у якое ён уступіў пры пачатку свае поэтыцкае кар'еры. Вершы пазьнейшыя і ранейшыя розьняцца толькі датаю напісаньня. Мала таго: як у ранейшых, так і ў пазьнейшых вершах ёсьць вельмі наіўныя падробкі пад творы маскоўскіх поэтаў і то не навейшых, а школьных клясыкаў. У першым пэрыадзе творчасьці Коласа, як і ўсякага іншага поэты, гэта было зусім натуральна, бо ўсе поэты-самаукі (нават і вялікія поэты) пачыналі з падробак (даволі ўспамянуць Шэнье, Пушкіна, Лермантава). У другім-жа пэрыадзе творчасьці, калі чалавек вырастае з юнацкіх гадоў, гэта ўжо становіцца рэзка адмоўнай адзнакай і сьведчыць аб застою, аб беднасьці тэмамі.

Як на прыклады пераробак, перафразіровак з лёкалізацыяй можна паказаць некалькі вершаў, вельмі характэрных у гэтым сэнсе. Першым іх і даўшым назву ўсёй кніжцы ёсьць «Водгульле» на 1 стр., памечанае 20/X1 1921 г. Пры чытаньні яго адразу выплывае ў памяці Пушкінскае «Эхо»:

«Ревет-ли зверь в лесу глухом,
Поет-ли дева за холмом»... и т. д.

Коласаўскі верш на гэтую тэму, паміж іншым, вельмі характэрны да аналізу яго вершатворчай тэхнікі наогул. Ёсьць тут і характэрныя для Коласа памылкі проціў эўфоніі,[1] як зграмаджэньне зычных у канцы аднаго і пачатку другога слова (праскочыць трусцою), як «у» паміж славамі з канчаткам і пачаткам на зычныя (такіх выпадкаў ёсьць чатыры, ня лічачы «ў» у пачатку радкоў); ёсьць тут і характэрнае для Коласа ўжываньне маскалізмаў («надзеі ўзаўюцца»). «Ў» паміж зычнымі праціўна духу беларускай мовы і нават фонетычна немагчыма, бессэнсоўна; прысутнасьць яго тлумачыцца тым, што, як відаць, у Коласа ў думцы ёсьць не «ў», а маскоўскае «в», якое можа стаяць паміж зычнымі: гэтае «в» толькі пры пісаньні механічна замяняецца на «ў», але яго макоўскае пахаджэньне не прападае.

Другім прыкладам перафразіроўкі Пушкінскага вершу зьяўляецца верш на стар. 53:

«Я кожан год свой дзень радзінаў
Прывык ў раздум’і ўспамінаць.
Якіх праяў, якіх навінаў
На год мне новы пажадаць?»

Да параўнаньня адрывак з Пушкінскай элегіі «Брожу-ли я вдоль улиц шумных»:

«День каждый, каждую годину
Привык я думой провожать,
Грядущей смерти годовщину
Меж них стараясь угадать».

  1. Навука аб мілагучнасьці мовы.