каць карліка і пачаў яго распытваць, хто ён такі. Беднаму Якаву не хацелася гаварыць, што ён сем год быў вавёркай і служыў у бабулі, але ілгаць ён таксама не любіў. Таму ён толькі сказаў герцагу, што ў яго цяпер няма ні бацькі, ні маткі і што яго навучыла гатаваць адна бабуля. Герцаг доўга пацяшаўся над дзіўным выглядам карліка і, нарэшце, сказаў яму:
— Так і быць, аставайся ў мяне! Я дам табе ў год пяцьдзесят дукатаў, адно святочнае плацце і звыш таго дзве пары штаноў. За гэта ты будзеш кожны дзень сам гатаваць мне снеданне, назіраць за тым, як гатуюць абед, і наогул загадваць маім сталом. А апрача таго, усім, хто ў мяне служыць, я даю прозвішчы. Ты будзеш называцца «Карлік Нос» і атрымаеш званне Памочніка Начальніка Кухні.
Карлік Нос пакланіўся герцагу да зямлі і падзякаваў яго за міласць, і, калі герцаг адпусціў яго, Якаў, радасны, вярнуўся на кухню. Цяпер, нарэшце, ён мог не турбавацца аб сваім лёсе і не думаць аб тым, што будзе з ім заўтра.
Ён рашыў добра аддзякаваць свайго гаспадара, і не толькі сам правіцель горада, але і ўсе яго прыдворныя не маглі нахваліцца маленькім поварам. З таго часу як Карлік Нос пасяліўся ў палацы, герцаг зрабіўся, можна сказаць, зусім іншым чалавекам. Раней яму часценька здаралася шпурляць у павароў талеркамі і шклянкамі, калі яму не падабалася гатаванне, а адзін раз ён так раззлаваўся,