пасы. Ён заўсёды сам хадзіў на рынак і выбіраў для герцагскага стала гусей, качак, зелень і гародніну. Неяк раз, раніцой, ён пайшоў на базар за гусямі і доўга не мог знайсці дастаткова тлустых птушак. Ён некалькі разоў прайшоўся па базару, выбіраючы лепшага гуся. Цяпер ужо ніхто не смяяўся над карлікам. Усе нізка яму кланяліся і пачціва ўступалі дарогу. Кожная гандлярка была-б шчасліва, калі-б ён купіў у яе гуся.
Ходзячы ўзад і ўперад па рыначнай плошчы, Якаў раптам заўважыў у канцы базара, у баку ад іншых гандлярак, адну жанчыну, якой не бачыў раней. Яна таксама прадавала гусей, але не расхвальвала свой тавар, як іншыя, а сядзела моўчкі, не гаворачы ні слова. Якаў падышоў да гэтай жанчыны і агледзеў яе гусей. Яны былі якраз такія, як ён хацеў. Якаў купіў тры птушкі разам з клеткай—двух гусакоў і адну - гуску,—паставіў клетку на плячо і пайшоў назад у палац. І раптам ён заўважыў, што дзве птушкі гагочуць і хлопаюць крыллямі, як належыць добрым гусакам, а трэцяя - гуска- сядзіць ціха і нават як быццам уздыхае.
«Гэтая гуска хворая, — падумаў Якаў.—Як толькі прыду ў палац, зараз-жа загадаю яе прырэзаць, пакуль яна не падохла».
І раптам птушка, нібы разгадаўшы яго думкі, выразна і гучна сказала:
Ты не рэж мяне—
Заклюю цябе,
Калі шыю мне звярнеш,—
Раней часу памрэш.