Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/11

Гэта старонка была вычытаная

польская культура, польскі сацыяльны і палітычны лад і каталіцкая вера. Шляхта апалячвалася і адыходзіла ад свайго народа. Такая аргументацыя была ўспрынята і наступнымі гісторыкамі, якія таксама ўжывалі яе да апошняга часу, нягледзячы на тое, што шэраг гістарычных фактаў паказваў, што асобныя феадальныя інстытуты, асобны феадальны лад і законы, асобная феадальная дзяржаўнасць захоўваліся, а самастойнасць Літоўска-Беларускай дзяржавы ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай існавала да падзелаў гэтай дзяржавы ў канцы XVIII ст.

Чацвёрты перыяд гісторыі Беларусі адносіцца да канца XVIII — пачатку XX ст., калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

Пяты перыяд — упершыню ў маладой беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — Ус. Ігнатоўскі прысвяціў савецкаму перыяду.

Значнае месца ў кнізе аддадзена першаму, Полацкаму перыяду. Ён дэтальна разглядае гістарычныя падзеі, а таксама асобныя накірункі гістарычнага працэсу IX-XIII ст. на Полацкай Русі. Пры гэтым выкарыстоўваюцца шматлікія цытаты са старажытнарускіх летапісаў і іншых гістарычных крыніц, а таксама вынікі археалагічных раскопак. Ус. Ігнатоўскі падкрэслівае, што заканадаўчая ўлада ў воласці ў Полацкім княстве належала да народнага веча, або сходу, а князі ў Полацку былі юрыдычна абмежаваныя ў сваёй дзейнасці. Аўтар робіць упор, абапіраючыся на звесткі летапісаў, на пастаяннае змаганне Полацкага княства з Кіеўскім за незалежнасць, а таксама «за ўплыў на Ноўгарад і за пяршынство ўва ўсходнеславянскіх сьвеце» (с. 42), падкрэсліваючы асабліва ролю князя Усяслава, Брачыславага сына (з 1044 да 1101). У гэтым раздзеле Ус. Ігнатоўскі, згодна з сваімі устаноўкамі, апісвае барацьбу паміж кіеўскімі і полацкімі князямі ў 1127—1129 гг., калі полацкія князі былі выгнаны, а замест іх у Полацку і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі былі пасаджаны сыны і родзічы кіеўскага князя Мсціслава. Край быў разрабаваны, а тысячы насельнікаў зямлі былі праданы ў няволю. Ус. Ігнатоўскі адзначае: «Нявольнічы гандаль пашырыўся. Ад яго карысталіся як прышлыя князі, так і мясцовыя капіталістыя, інтарэсы каторых супалі з інтарэсамі князёў. Такім спосабам, мясцовая буржуазія таго часу і чужаземная палітычная ўлада, маючы на ўвазе толькі сваю карысць, руйнавалі Полацкі край» (с. 47). Тут зноў наглядаецца мадэрнісцкі падыход да гісторыі. Аўтар паказвае, як свабодалюбівы народ, які паўстаў, выгнаў прышлых князёў і іх мясцовых прыхільнікаў і вярнуў полацкіх князёў да ўлады. Ён таксама адзначыў перыяд 1180—1190 гг., калі ў Полацку князя не было, а фактычна княствам кіравалі 30 старшынь, абраныя вечам, і Полацк ператва-