ноўкаю пытаньня аб вуніі. Яны стаялі за пяршынство Польшчы і за скасаваньне незалежнасці Літвы і Беларусі. На іх погляд сойм у абедзьвюх дзяржавах павінен быць адзін і зьбірацца павінен ён выключна на тэрыторыі Польшчы. Палякі маюць права займаць пасады як у Польшчы, так і ў прылучанай да Польшчы дзяржаве.
Перагаворы зацягваліся. І тая і другая старана апіраліся на падставы, каторыя, на іх погляд, былі правільныя. Літоўска-беларускія магнаты і частка багацейшага шляхецтва ў сваіх пропозыцыях грунтаваліся на тых прывілеях, якія выдаваліся для літоўска-беларускіх зямель гаспадарамі ранейшага часу, каторыя ня згубілі яшчэ сувязі з Літвой і Беларусьсю і адчувалі сябе больш гаспадарамі Літвы і Беларусі, чым каралямі Польшчы. Гэта былі прывілеі Казімера IV, Зыгмунда I, Аляксандра, сутнасьць якіх была ў захаваньні праў Літоўска-Беларускага гаспадарства. Палякі грунтаваліся на граматах і прывілеях апошніх Ягелонаў (Зыгмундаў-Аўгустаў) і на некаторых пунктах ранейшых вуній. Яны рабілі выняткі ў сваю карысьць для паніжэньня і скасаваньня праў Літвы і Беларусі. Пры гэтым яны хваліліся, што ў Польшчы былі каралі, у той час, як у Літве і Беларусі былі толькі вялікія князі, каторыя па тытуле былі ніжэйшымі ад каралёў. Кожная старана цьвёрда стаяла на сваім грунце і перагаворы ня прыводзілі да згоды. Ужо й тады некаторыя з вяльмож заўважылі, што беларуска-літоўскае магнацтва і палякі ніколі дабром ня згодзяцца, што згадзіць усіх іх немагчыма. Зразумела, што тыя і другія чакалі, як павернецца жыцьцё. Ці ня дасьць яно вырашэньня пастаўленаму пытаньню.
Для канчатковага выяўленьня пытаньня аб вуніі быў назначаны агульны зьезд у Любліне на 23 сьнежня 1568 году. Літоўска-беларускія паслы, у ліку якіх шмат было магнатаў, адчуваючы, што абставіны жыцьця рыхтуюцца не на іх карысьць, зьбіраліся памалу і як-бы нехаця. Больш-менш значная большасьць іх сабралася толькі к 10 студзеня 1569 году. Абедзьве стараны стаялі кожны на сваім і не хацелі паступіцца сваімі пропозыцыямі. Літоўска-беларускія магнаты, бачачы, што ніяк не дайсьці да ладу, пачалі адзін за другім разьяжджацца. Тады палякі, апіраючыся на тым, што паўднёва-рускія землі - Палесьсе, Валынь і Падолія - у старадаўнія часы былі далучаны да Літоўска-Беларускага