для якой мэты зьбіраецца сойм у Варшаве. Каранацыя гаспадара адбываецца ў Кракаве. Літва і Беларусь ня маюць права абраць для сябе асобнага вялікага князя. Сойм у тым і другім гаспадарстве адзін: ён складаецца з дэпутатаў, абраных на мясцовых павятовых сойміках. Калі ў Літоўска-Беларускім гаспадарстве ёсьць якія-колечы пастановы, нязгодныя з умовамі вуніі, то яны касуюцца. Грашовыя знакі ў абедзьвюх дзяржавах агульныя. Паміж Польшчай, з аднаго боку, і Літвой і Беларусьсю — з другога боку, мяжы няма. Тавары перавозяцца з аднэй стараны ў другую вольна, бяз усякіх гандлёвых мыт і налогаў. Падданыя абодвух гаспадарстваў маюць права купляць і ўладаць нярухомай маемасьцю і ў той і ў другой старане. Валынь, Падолія і Падлясьсе былі аддзелены ад Літвы і Беларусі і прылучаны да Польшчы як землі кароны. Ня гледзячы на вунію, кожная з дзяржаў усё-ж такі захоўвала свае асобныя войскі, законы і некаторыя з важнейшых дзяржаўных пасад. Трэба таксама адзначыць, што грошы і ў кароне і ў вялікім княстве былі асобныя ў XVI і нават у першай палавіне XVII сталецьця.
Вунія 1569 году шырока адчыніла браму для польскага ўплыву. Праўда, гэты ўплыў існаваў і раней, але ён ня мог быць моцным. Цяпер для гэтага ўплыву ня было аніякіх перашкод. Польшча скарыстала польскі настрой беларускай шляхты і цяжкае палажэньне вялікага княства, скасавала яго самабытны політычны твар і прагнулася скасаваць твар культурны і нацыянальны. Гэта было грунтоўным недахватам вуніі, каторы налажыў сваю пячатку на далейшае сумеснае існаваньне кароны і княства. Вунія была эгоістычнай з боку Польшчы. З далейшай гісторыі мы ведаем, што пры націску Масквы і татар княства нават не атрымала ад Польшчы тэй дапамогі, якую Польшча абяцала даць. Беларусь, апроч таго, увашла ў дзяржаўны організм такога гаспадарства, каторае ўжо пачало хварэць і політычна і соцыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь таксама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшыя станы, каторыя, апалячыўшыся, сталі чужымі для свайго народу як культурная сіла.