БЕРАСЬЦЕЙСКАЯ ЦАРКОЎНАЯ ВУНІЯ 1596 г.
Дзяржаўная Люблінская вунія забясьпечвала для Польшчы політыка-соцыяльны і часткаю культурны ўплыў на Беларусь. Але быў яшчэ адзін факт у жыцці злучаных дзяржаў, які ставіў перашкоды для скасаваньня асобнага твару вялікага княства: у Польшчы панавала заходняе хрысціянства, каталіцтва, на Беларусі - усходняе, праваслаўная вера. Гэты факт, апроч таго, збліжаў Беларусь з праваслаўнай Масквой і ставіў яе ў іерархічную залежнасць ад маскоўскага патрыарха, з чым Польшча не магла згадзіцца. Разумеецца, што за вуніяй дзяржаўнай павінна было падняцца пытаньне і аб царкоўнай вуніі. Гэтае пытаньне можа паднялося-б раней 1596 году, каб ня было прычыны, якая адлажыла яго амаль што не на 30 год. Такой прычынай быў рэформацыйны рух, падняты ў Польшчы і пагражаўшы як каталіцкай, так і праваслаўнай веры. Былі такія часы, калі можна было думаць, што рэформацыя, пашырыўшыся ў абедзьвюх дзяржавах, скасуе рэлігійную супярэчнасьць паміж імі.
Рэформацыйны рух прышоў у Літоўска-Беларускую і Польскую дзяржавы зараз-жа пасьля пачатку яго ў Нямеччыне, у першай чвэрці XVI сталецьця. Зьявіўся ён у палацы караля і вялікага князя Зыгмунда Старога. Тут яго стаў пашыраць духоўнік жонкі караля, Боны, Францішак Ліпмані. З палацу караля і вялікага князя рэформацыя вышла на вуліцу і пачала пашырацца сярод шляхецкіх і мяшчанскіх колаў. Зыгмунд і Зыгмунд-Аўгуст не рабілі ніякіх перашкод для рэформацыйнага руху. Шмат духоўных асоб кідалі свой сан і станавіліся на чале новага вучэньня. Сярод вышэйшых станаў больш пашыраўся кальвінізм, а лютаранства захапляла мяшчанскую клясу. У палавіне XIV сталецьця рэформацыя мела такі ўплыў, што сучасьнікі, гаворачы аб шляхце, лічылі яе цалком протэстанцкай. I тут была нейкая праўда. Вядома, напрыклад, што ў Наваградзкім ваяводзтве з 600 фамілій праваслаўнае шляхты асталося ў старой сваёй веры ўсяго толькі шаснаццаць. Беларусь стала месцам разьвіцьця рэформацыйнай навукі і асьветы. У Нясьвіжы працавала добра організованая друкарня Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікага маршалка Літоўска-Беларускага гаспадарства. Тут-жа зьбіраліся выдатнейшыя прапаведнікі і