Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/120

Гэта старонка была вычытаная

езду езуітаў павярнуліся ў каталіцтва каля 6 тысяч жыхароў гораду.

Такім чынам каталіцтва заняло месца рэформацыі сярод беларускіх магнатаў, шляхты і большай часткі мяшчан. Стаўшы каталікамі, яны рабіліся палякамі, бо згінула тая важная для таго часу розьніца, якая была паміж імі і польскай шляхтай і магнацтвам. Для іх ужо не патрэбна была рэлігійная вунія, бо яны політычна, соцыяльна і рэлігійна былі ўжо адным народам з палякамі.

Але апроч магнатаў і шляхты жыў яшчэ на Беларусі і просты народ, каторы ў час рэформацыі астаўся ня крануты яе ўплывам. Ён мэханічна трымаўся праваслаўнай веры. Цяпер трэба было зьвярнуць увагу і на яго. Падыйсьці да яго проста было трудна, бо ён, як народ цёмны, ня цікавіўся запутанымі догматычнымі тэорыямі і трымаўся свае веры толькі затым, што яна прышла да яго розуму і пачуцьця па традыцыі, ад яго дзядоў і бацькоў. Як такі шлях, езуіты і прапанавалі царкоўную вунію, каторая прывяла-б селяніна да каталіцтва паступова, не парушаючы яго традыцый. Трэба прызнацца, што шлях быў прыдуманы разумны. І па гэтым шляху можна было-б цьвёрда і пэўна прыйсьці да мэты, калі-б каталіцкі ўрад Польшчы быў такім-жа добрым політыкам, як і езуіты.

Думка аб вуніі ня была новаю і ня была выдумана езуітамі. Яна існавала ўжо даўно сярод людзей, зацікаўленых у ўзмацненьні царквы пры дапамозе яе аб'яднаньня. Была і проба рэалізацыі вуніі ў 1439 годзе ў Флёрэнцыі. Людзі рэлігійнага настрою таксама былі нездаволены, бачачы разьдзел хрысьціянскай царквы. Яны спадзяваліся, што вунія скасуе разьдзел і парушыць збудаваную вякамі загародку паміж цэрквамі. На Беларусі думка аб вуніі вынікла ў людзей, каторыя думалі аб спыненьні рэлігійных спрэчак і аб утварэньні беларускай нацыянальнай, дзяржаўнай царквы. Для іх справа аб вуніі была справаю як рэлігійнаю, так і політычнаю. На вунію яны глядзелі як на нешта пэўнае, трывалае, а не як на мост для пераходу з аднэй веры ў другую. Вядома, напрыклад, што такі шчыры праваслаўны і такі шчыры беларускі патрыот, як князь Канстантын Астроскі, адзін час падтрымліваў ідэю вуніі, лічачы, што яна ўтворыць беларускую дзяржаўную рэлігію. Ён стаў проці вуніі толькі тады, калі па-