Прыняўшы пад увагу ўсё вышэй сказанае, мы бачым, што Польшча ня гледзячы на існаванне каралеўскай улады, была хутчэй рэспублікай, чым монархіяй — каралеўствам. Так глядзела на строй Польшчы і дзяржаўнае права, каторае дало ёй назву «Рэч Паспалітая», што ў тлумачэньні і значыць «рэспубліка». Далей мы бачым, што ўся ўлада ў гэтай рэспубліцы належала да Вальнага Сойму і да павятовых соймікаў, каторыя складаліся выключна з панства і шляхецтва. Ніжэйшыя станы гаспадарства ніякіх політычных праў ня мелі і былі безгалоснаю, бяспраўнаю масаю. Дзякуючы гэтаму Польская рэспубліка была панскай, шляхецкай рэспублікай бяз усякіх адзнак дэмократызму.
Вышэйшым станам у гэтай рэспубліцы, разумеецца, была шляхта. Лік шляхты ў Польшчы быў вялікі. Багацейшыя паны, князі і магнаты таксама ўходзілі ў склад шляхецкае клясы і ня мелі ніякай юрыдычнай перавагі над звычайнымі шляхціцамі. Яны і шляхта лічаць сябе братамі. Большасць шляхціцаў былі зямляўласьнікі, але зьвязак з зямлёю ня быў абавязковым для польскага шляхціца; шмат было і такіх, каторыя ўжо ня мелі зямлі. Яны прыстракваліся на службу ў палацах багатых і заможных магнатаў, складаючы іх сьвіту. Што датычыць да тытулаў князя, графа і др., то іх насілі толькі тыя фаміліі, каторыя атрымалі гэтыя тытулы да часу Люблінскай вуніі. Пазьней гэтыя тытулы нікому, апроч чужаземцаў, не даваліся. Кляса шляхты з вялікаю стараннасцю захавала чыстасьць белай косьці і благароднай крыві. Калі вынікала пытаньне аб нерадавітасьці якога-колечы шляхціца, то ён павінен быў абяліць сябе шасьцьма сьведкамі: двума па бацьку, двума па яго матцы і двума па сваёй матцы. Гэты спосаб абяленьня к пачатку XVI сталецьця ўжо зьнікае: шляхецкія фаміліі ўжо абмежавалі сябе і зацьвярдзілі сваю шляхецкую вартасьць. Высокімі мурамі адгарадзілася гэтая кляса ад другіх кляс і зрабілася кастаю. Шляхецтва атрымліваецца толькі ад бацькоў. Праўда, можна атрымаць шляхецтва праз пасынаўленьне, але толькі тады, калі на гэтае пасынаўленьне згаджаецца ўвесь род і сойм. Шляхецкую вартасьць можа дараваць і кароль. Дараваньне шляхецтва каралём таксама носіць кірунак пасынаўленьня. Кароль пасыноўленай асобе дае і гэрб. Дараваньне шляхецтва каралём з палавіны XVII сталецьця ўжо не сустракаецца: шляхта забясьпечыла сябе і з гэтага