з загадзя распрацаванай схемай), то цяпер, зноў-такі пад напорам фактаў, гісторыкі вымушаны вярнуцца да палажэнняў, выказаных Ус. М. Ігнатоўскім у гэтым пытанні. І толькі апошняя, Люблінская унія 1569 г. прывяла, як лічыць Ус. М. Ігнатоўскі, да страты Літвой і Беларуссю сваёй палітычнай і культурнай незалежнасці.
Спецыяльны падраздзел кнігі Ус. М. Ігнатоўскага прысвечаны беларускай культуры у XV—XVI ст. Тут разглядаецца і заканадаўчая праца, аналізуюцца прывілеі, Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг. Адзначыў Ус. М. Ігнатоўскі і культурную дзейнасць першага беларускага друкара Францішка Скарыны (аўтар дадаткова і без тлумачэнняў называе яго таксама другім імем — Юрый).
Вельмі цікавую выснову з падзей царкоўнай гісторыі на Беларусі зрабіў Ігнатоўскі. Ён адзначыў, што ў XV ст. праваслаўная царква Літоўска-Беларускай дзяржавы аддзялілася ад праваслаўнай царквы ў Маскоўскім княстве. А калі ў 1589 г. Маскоўскай дзяржаве ўдалося падняць сан мітрапаліта свайго галавы царквы да сану патрыярха, што магло прычыніцца да падпарадкавання праваслаўная царквы на Беларусі і Украіне, дзе быў толькі мітрапаліт, маскоўскаму патрыярху, то як процівага гэтаму мясцовымі царкоўнымі коламі была праведзена царкоўная унія ў Брэсце ў 1596 г., і праваслаўная царква на Беларусі і Украіне арганізацыйна была падпарадкавана рымскаму папе (с. 110). Гэтае палажэнне Ігнатоўскага супярэчыць розным канструкцыям палітычнага характару 40-50-х і пазнейшых гадоў аб «каталіцкай агрэсіі», «барацьбе народных мас за праваслаўе і за уз’яднаньне з царскай Расіяй», якія растлумачвалі гэты палітычны акт з пазіцый дарэвалюцыйных дваранскіх і клерыкальных гісторыкаў, толькі цяпер ужо з марксісцкай фразеалогіяй. Ігнатоўскі таксама слушна адзначыў, што «Праваслаўная царква мела сваё права, хоць і меншае, ад каталіцкага. Нагул, палітыка дзяржавы была даволі верацярплівая» (с. 110).
У трэцім перыядзе гісторыі Беларусі (XVI—XVIII ст.) Ус. М. Ігнатоўскі падрабязна разглядае ўсе падзеі, якія тычыліся Люблінскай уніі 1569 г. і Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. Ус. М. Ігнатоўскі да прычын заключэння Люблінскай ніі адносіць жаданне беларускай шляхты атрымаць больш палітычных правоў за кошт правоў магнатаў, зраўняцца з правамі польскай шляхты. Аўтар прыводзіць факт стварэння Віцебскай канфедэрацыі беларускай шляхты ў 1562 г., якая паставіла сабе мэту дабіцца палітычнай уніі з Польшчай. Вонкавым жа фактарам у заключэнні дзяржаўнага саюза з Польшчаю быў пастаянны і палітычны націск, пачынаючы з канца XIV ст., на Літву і Беларусь з боку Макоўскай дзяржавы, спусташэнне і руйнаванне беларускай зямлі, — піша Ігнатоўскі (с. 112).