аддаюцца выключна толькі праваслаўным; Кіеўскі праваслаўны мітрополіт атрымлівае ў польскай вышэйшай палаце (сэнаце) месца, як і каталіцкія біскупы, і г. д.
Такая згода не здаволіла ні польскі ўрад, ні масы казакоў і мужыкоў. Польскі імпэрыялізм ня мог супакоіцца, згубіўшы паўднёвыя тэрыторыі, каторыя колёнізавала шляхта Польшчы. Мужыкі зноў забурыліся, бо ў Польшчы сіла прыгону ня была зьменшана. Апроч таго, сярод казакоў зьяўлялася новая дробная шляхта, каторая пачала накладаць руку на казакоў, каторыя масаю не ўвашлі ў склад новай украінскай шляхты. Хмяльніцкі таксама бачыў, што палажэньне яго ня моцнае як з боку Польшчы, так і з боку казацкага.
Хутка зноў пачынаецца змаганьне Хмяльніцкага з палякамі. Яно цягнецца 4 гады і канчаецца тым, што Хмяльніцкі, шукаючы ратунку ад Польшчы і баючыся абаперціся рашуча на паўстаўшыя нізы, падаецца пад апеку Маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча (1654 г.). Польшча, такім спосабам, сваёю політыкаю адкінула ад сябе такую багатую тэрыторыю, як Украіна.
Казацкія паўстаньні на Украіне маюць адносіны ня толькі да гісторыі Украіны, Польшчы і Масквы, але і да гісторыі Беларусі, бо ў складзе ўкраінскага радавога простага казацтва быў значны процант казакоў, каторых выгадавала беларуская вёска і выгнала з роднай хаты няволя на Беларусі. Трэба адзначыць, што паўстаньні на Беларусі ня мелі тэй моцы, як на Украіне, бо на Беларусі шмат было шляхецка-польскага элемэнту; тут увесь час было згуртована шмат польскага войска на выпадак вайны з Масквою; для падгатоўкі паўстаньня тут ня было шырокага паўднёвага стэпу, дзе казак меў ваяўніцкую практыку, змагаючыся з татарынам, і дзе ён мог, хаваючыся ад панскага ўраду, згуртавацца ў моцную збройную сілу.
Усё-ж такі казацка-мужыцкія паўстаньні на Беларусі былі. Яны ўцягвалі ў рух забітае прыгнечанае сялянства і нізы гарадзкога насяленьня. Лясы і балоты давалі магчымасьць паўстанцам гуртавацца і выносіць змаганьне з рэгулярнаю польскаю арміяю.
Першае казацкае паўстаньне на Беларусі стаіць у зьвязку з паўстаньнем Хмяльніцкага. Весткі аб разгроме шляхецкага войска пры Жоўтых Водах і Корсуні дашлі да цёмных вясковых куткоў Беларусі. Усе, хто ня мог зносіць соцыяльна-рэлігійнага і нацыянальнага ўціску, пачалі гуртавацца. На чале першых паўстанцкіх