Старонка:Кароткі нарыс гісторыі Беларусі.djvu/154

Гэта старонка была вычытаная

Сарыгозін і інш. Яны ведалі добра слабавольны характар царэвіча Фёдара, поўную адсутнасьць у яго ня толькі політычнага, але й наогул звычайнага розуму, што гэта, па словах Грознага, «ня цар, а панамар». Яны разумелі, што, дзякуючы ўсяму гэтаму, каралём Польшчы быў-бы ня Фёдар, а яго бацька Іван Грозны, ад тэрору каторага яны і ўцяклі з Масквы. Не дагаварылася панства і з Эрнэстам Аўстрыйскім, каторы выяўляў рашучы характар. Пасьля доўгіх размоў і перагавораў быў абраны за караля Рэчы Паспалітай Гэнрых Францускі. Пракараляваў ён вельмі нядоўга (1573-1574). Прыехаўшы ў Варшаву і пабачыўшы, што караляваць у Рэчы Паспалітай ня так лёгка, як, напрыклад, у Францыі, Гэнрых праз 6 месяцаў неспадзявана для палякаў таемна ўцёк з Польшчы на сваю бацькаўшчыну. Там ён хутка заняў каралеўскую пасаду пасьля сьмерці свайго старшага брата Карла IX.

Зноў пачалося бескаралеўе, каторае пагражала зацягнуцца на доўгі час. Толькі ў 1576 годзе каралём Польшчы быў абраны Сяміградзкі ваявода Стэфан Баторы (1576-1586). Гэта быў разумны і выдатны політычны дзеяч і вельмі здольны ваяка. З вялікаю карысьцю для Рэчы Паспалітай ён ваяваў з Масквою (працяг Лівонскай вайны 1579-1582). Уся вайна адбылася на тэрыторыі Беларусі. Найраней войскі Рэчы Паспалітай былі пакірованы на Полацак, каторы ў папярэднія часы адышоў да Маскоўскага гаспадарства. Войскі аблажылі Полацак. Вясьці аблогу было вельмі цяжка: горад меў вельмі моцныя муры і замчышчы, апроч таго, была вельмі мокрая восень, каторая перашкаджала акопным работам і падвозу харчоў для арміі. Аблога зацягнулася. Ведаючы аб вялікіх багацьцях гораду, вэнгры, каторыя былі ў войску Баторага, пастанавілі першымі ўварвацца ў Полацак, каб добра паграбаваць горад. Ня гледзячы на храбрую абарону, ім, урэшце, удалося дабіцца сваёй мэты, і Полацак быў узят. Баторы, паважаючы храбрасьць абароны, абяцаў тым, хто мае намер вярнуцца ў Маскоўшчыну, даць вольны выезд, а тым, хто захоча застацца, даць права вольнага жыцьця ў Полацку. Калі маскоўскія войскі безаружныя выходзілі з гораду, сам кароль даглядаў за тым, каб яго абяцаньне ня было парушана і каб ніхто не зрабіў яму якой крыўды.

Пасьля выйсьця маскоўскіх войск пачаўся грабеж гораду. Найбольш грабавалі вэнгры. У час грабяжу