падар пачаў тытулаваць сябе «ўсея Вялікія, Малыя і Белыя Русі Самадзержцам».
У гэты самы час на Рэч Паспалітую з поўначы напалі швэды, а з поўдня — украінскія казакі. Гарады адзін за другім пераходзілі ў іх рукі. Польшча зусім гінула. Выратавалася гаспадарства толькі дзякуючы таму, што пачалася барацьба паміж швэдамі і маскоўскім царом, каторы зрабіў замірэньне з палякамі і пачаў вайну са швэдамі, а Рэч Паспалітая ў гэты час крыху паднялася на ногі, і справы яе пашлі лепш. Калі зноў, пасьля замірэньня, Масква пачала вайну з Рэчаю Паспалітаю, то ўжо яна ня мела вялікай для себе карысьці. Барацьба йшла з пераменным шчасьцем каля дзесяці год. Урэшце, змучаныя гаспадарствы павінны былі ў 1667 годзе зрабіць у Андрусаве (недалёка ад Смаленску) замірэньне на 13 1/2 год.
Умовы замірэньня былі такія. Маскоўскі гаспадар адмовіўся ад Літвы і Беларусі, здабытых яго войскамі, але затрымаў за сабою Смаленск з акалічнымі землямі, каторыя былі адабраны ад Масквы ў смутныя часы. Да Масквы яшчэ адышла леваберагавая Украіна і на правым беразе Дняпра — Кіеў. Кіеў быў адступлен Маскве на два гады, але застаўся за ёю назаўсёды. Адзін з артыкулаў замірэньня даваў маскоўскаму гаспадару права заступніцтва за праваслаўных жыхароў Польшчы.
У часы кіраваньня каралёў: Міхала Вішнявецкага (1669—1673) і Яна Сабескага (1674—1696) барацьбы паміж Рэчаю Паспалітаю і Масквою ня было. Рэчы Паспалітай прышлося змагацца з туркамі. Каб атрымаць дапамогу Масквы ў гэтым змаганьні, Ян Сабескі ў 1686 г. згадзіўся падпісаць «вечную згоду» з Масквою на ўмовах Андрусаўскага замірэньня. Маскоўскі ўрад ужо адкрыта абвясьціў сябе патронам праваслаўных у Рэчы Паспалітай. У грамаце згоды абгаворана недатычнасьць праваслаўных епархій і пасьвячэньне епіскапаў кіеўскім мітрополітам, каторы залежаў ад Масквы. Гэтыя артыкулы давалі маскоўскаму ўраду права ўмешвацца ў хатнія справы Рэчы Паспалітай.
У часы кіраваньня караля Аўгуста II (1697—1733), сучасьніка Пятра Вялікага, на абшарах Беларусі, Украіны і Вялікарусі адбывалася добра вядомая ўсім Паўночная вайна. І тут паплацілася Беларусь за чужыя інтарэсы. Пётра, каб лепш падгатавацца да вайны ў сваіх межах, паслаў свае войскі на Беларусь, каб яны