Шляхта з свайго боку папала ў рукі багацейшых сваіх прадстаўнікоў, каторыя і зрабіліся сапраўднымі гаспадарамі ў дзяржаве. Соймы ў апошнія часы не маглі зусім працаваць, дзякуючы прынцыпу аднагалоснасьці. Даволі было падкупіць ці ўгаварыць якога-колечы добра ўпартага пасла сойму, каб ён не згаджаўся з пастановаю сойму, і ён мог яе сарваць сваім «weto» — «не позвалям» (liberum weto). Пры такіх умовах можна было прыпыніць кожную рэформу, вельмі карысную для гаспадарства, каторая чамусь не спадабалася якому-колечы крыкліваму шляхціцу-паслу.
У грамадзянскім жыцьці Польшчы таксама панавала поўнае бязладзьдзе. Магнаты вялі сапраўдныя войны паміж сабою і крыўдзілі як драбнейшую шляхту, так і другія станы грамадзянства. Шляхта наогул зьдзеквалася і крыўдзіла мяшчан і мужыкоў. Каталікі рабілі ўціск над некаталікамі, так званымі дысыдэнтамі. Дысыдэнты ў адказ на ўціск, ня маючы абароны ад дзяржавы, павінны былі складаць конфэдэрацыі і зьвяртацца да чужаземнай улады. Суседнія дзяржавы, разумеецца, карысталі з такога палажэньня Рэчы Паспалітай.
У 1767 годзе дысыдэнты (протэстанты, кальвіністыя і праваслаўныя) дзеля абароны сваіх парушаных каталіцкаю шляхтаю праў утварылі саюз з цэнтрам у Слуцку, так званую Слуцкую конфэдэрацыю. Гэтую конфэдэрацыю падтрымлівалі дзяржаўныя прадстаўнікі Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Калі сойм адмовіўся ўхваліць пастановы, якіх дамагаліся чужаземныя паслы і конфэдэрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускія войскі, заарыштованы правадыры крайня каталіцкай партыі сойму, і сойм павінен быў здацца. У 1768 годзе сойм ухваліў пастанову, што ўсе дысыдэнты ў Польшчы не павінны прыгнятацца за іх рэлігійныя пераконаньні і маюць тое самае права, што й каталікі. Расійскаму ўраду было дадзена права аберагаць правы дысыдэнтаў і сачыць за недатычнасьцю асноўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім спосабам, Расія атрымала як-бы протэктарат над Польшчаю.
У адказ на гэта ўтварылася супраціўная конфэдэрацыя ў г. Бары, каторая паставіла сабе за мэту абарону паменшаных, з яе погляду, праў каталіцтва і незалежнасьці сойму. I тая і другая конфэдэрацыі пачалі збройную барацьбу адна з другою. Барскія конфэдэраты, змагаючыся з праваслаўным насельніцтвам, ка-