дзіцца гаварыць, бо легенда пра імя Кастусь, якую ўвёў у абіход Ус. М. Ігнатоўскі, пашыраецца і дагэтуль. Яна вельмі нагадвае гісторыю з «палепшаным» імем Францішка Скарыны, якога трэба абавязкова было ў 40-х гадах зрабіць праваслаўным беларусам, г. зн. Георгіем. Усе гэтыя пасмяротныя перайменаванні з'яўляюцца далёкімі вынікамі русіфікатарскай палітыкі царскіх улад на Беларусі.
У сувязі са скарачэннем аб'ёму сваёй кнігі ў канцы яе Ус. М. Ігнатоўскі ў тэлеграфным стылі апавядае пра нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі ў другой палове XIX—XX ст.
Пятаму перыяду гісторыі Беларусі пасля звяржэння царызму і да 1924 г. Ус. М. Ігнатоўскі прысвяціў толькі 6 старонак. Практычна гістарычныя падзеі тут толькі пералічаны. Ус. М. Ігнатоўскі адзначае: «На Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя, развязаўшы сацыяльнае пытаньне, павінна была спаткацца і спаткалася з нацыянальным пытаньнем» (с. 177). Ён падкрэсліў, што на грунце адзінага нацыянальнага фронту стаў і Усебеларускі Кангрэс, які сабраўся ў снежні 1917 г. і абвясціў Беларусь дэмакратычнай рэспублікай і разам з тым прызнаў Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Аўтар кнігі тлумачыць пазіцыі розных накірункаў беларускага нацыянальнага руху. Вельмі цікавае яго назіранне адносна неабходнасці ўтварэння БССР, пытанне пра якое было пастаўлена на VI паўночна-заходняй канферэнцыі Расійскай Кампартыі ў Смаленску ў канцы снежня 1918 г. Ён адзначае: «На працягу працы канферэнцыі выявілася, што партыя павінна дзеля бальшавізацыі беларускіх мас узяць у свае ўласня рукі разьвязваньне нацпытаньня» (с. 178). Таму і была абвешчана БССР.
«Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ус. М. Ігнатоўскага застаецца да нашага часу адным з каштоўных твораў беларускай гістарыяграфіі. Ён у канцы 20-х гадоў XX ст. лічыўся першым марксісцкім курсам беларускай гісторыі. Гэты твор беларускага гісторыка адлюстраваў новы падыход да гістарычных фактаў аўтара, часам з удалымі высновамі, часам са спрошчаным і паспешлівым тлумачэннем падзей, выкліканым сацыяльным заказам. Але трэба аддаць належнае гэтай працы. Яна была пэўнай ступенню ў распрацоўцы гісторыі Беларусі як прадмета. Пасля «Кароткага нарыса» з'яўляецца шэраг прац іншых беларускіх гісторыкаў, якія ўнеслі свой уклад у далейшае развіццё гістарычнай навукі на Беларусі.
А. П. ГРЫЦКЕВІЧ, доктар гістарычных навук.