[Больш дакладны назоў гэтага малюнку: «Рэйтан на Варшаўскім Сойме 21-га красавіка 1773 г.» (Малюнак Яна Мацейкі). Зьмест гэтага малюнку наступны:
Конвэнцыя аб падзеле Польшчы паміж Расіяй і Аўстрыяй была падпісана 6 і 12-га лютага 1772 г.; паслы гэтых дзяржаў, прыехаўшы ў Варшаву, загадалі склікаць надзвычайны сойм. Окупацыя зямель Рэчы Паспалітай войскам гэтых дзяржаў ня сустрэла ніякага адпору. На 6 кастрычніка 1772 г. быў склікан сэнат, але сэнат адмовіўся склікаць сойм; тады расійскі пасол, барон Оттон Штакельбэрг, пагразіў каралю польскаму, што зьвергне з каралеўства, а край разбурыць расійскім войскам. 8 лютага 1773 году зноў быў склікан сэнат, які зьехаўся ў нязначным ліку; пад пагрозамі сэнат пастанавіў склікаць сойм на 19 красавіка 1773 г. На сойм было выбрана 111 дэпутатаў — менш за палавіну ўсяго ліку дэпутатаў. Польскія гісторыкі кажуць, што з усіх гэтых дэпутатаў ня больш як 20 чалавек кіраваліся патрэбамі грамадзянскага дабра і голасам свайго ўласнага сумленьня…
На малюнку Мацейкі пад портрэтам царыцы намалёван соймавы маршалак князь Адам Панінскі, дэпутат з Літвы; у правай руцэ ён трымае ляеку, а леваю рукою, пагражаючы, паказвае на адчыненыя дзьверы, дзе відаць расійскія салдаты, гатовыя рынуцца ў залю ды разагнаць сойм штыкамі.
Гісторыкі кажуць, што Панінскі — маршалак — быў адзін з самых паскудных людзей таго часу: за грошы ён мог зрабіць усё, чаго ад яго хацелі; плян сваёй кар’еры ён пабудаваў на няшчасьці сваёй айчыны. Пры дапамозе чужаземных штыкоў і грашовай апекі Штакельбэрга ён узяўся зьдзейсьніць плян падзелу Польшчы. Поруч з Панінскім стаіць Патоцкі, што быў потым гэнэрал кароннай артылерыі; у правай руцэ ў яго ліст, а леваю ён схваціўся за Панінскага. У канцы 1790 г. Панінскі быў асуджан соймавым судом на выгнаньне, а Патоцкага засудзілі на сьмерць на шыбеніцы. Далей, каля паваленага крэсла стаіць, растапырыўшы рукі, бацька Патоцкага, кіеўскі ваявода. Закінуўшы ногу на ногу, сядзіць Міхаіл Панятоўскі, брат караля. Сярод іх у нямой позе стаіць апошні кароль польскі Станіслаў-Аўгуст. У лёжы паміж тым відаць фігура расійскага пасла, барона Штакельбэрга.
Было ясна, што прадажная часьць сойму дужая і што «патрыотам» тут няма чаго рабіць. Тады выступаюць дэпутаты з Наваградчыны на Меншчыне — Фадзей Рэйтан і Самуіл Корсак — ды становяцца на чале «патрыотаў». Ф. Рэйтан і зьяўляецца гэроем гістарычнага малюнку Мацейкі. Калі пасьля крыку й гвалту сойм адлажыў сход назаўтра і дэпутаты выходзілі з залі, то Рэйтан кінуўся каля дзьвярэй, просячы дэпутатаў выбраць новага маршалка. Кажуць, што, лежачы каля дзьвярэй, ён крычаў: «Ідзеце на пагібель і вечную ганьбу, тапчэце гэтыя грудзі, што выстаўлены за ваш гонар і вашу вольнасьць!» Але дарэмна: яго ніхто не паслухаў. Рэйтан, як і Касьцюшка, не маглі павярнуць гістарычнага кола назад (3. «Ист. России», Пакроўскага)].