ную, культурную, географічную і этнографічную рознастайнасьць. Але ня так было ў самай справе. Прабіў час, і рухнуў з вялікім шумам жалезны кумір, бо ня было ў яго апоры, бо былі ў яго, як у таго біблейнага куміра, гліняныя ногі. Калі ўпаў кумір, то ўвесь абшар Расіі засыпаў ён сваімі руінамі і друзгамі. Паднялася вялікая цемра ад густога пылу гнілой і струхлелай старасьветчыны. І здавалася нам, што нічога няма ўкола нас, апроч гэтай цемры і гэтага пылу. Але аблёгся пыл, пачала зьнікаць цемра, пачалі і мы аглядацца навокала. Пад нагамі нашымі, сярод руін і друзгаў, ужо пачалі выбівацца на сьвет з пладавітай глебы чалавечага жыцьця новыя, пакуль што чуць прыметныя расьліны новай творчасьці. Сярод гэтых новых расьлін асабліва хутка пачалі падымацца ўгару расьліны нейкай як-бы крышталізацыі жыцьця — расьліны рэвалюцыйнай індукцыі. Пачалося на могілках новае жыцьцё. У нашыя часы мы бачым, як усё навокала нас крышталізуецца, як ува ўсё прасочваецца творчая індукцыя.
Найперш за ўсё пачалася крышталізацыя і індукцыя ў політыка-экономічным будаўніцтве. На месцы зруйнованага політыка-экономічнага будынку пачалі ўтварацца невялікія, нават маленькія будынкі, зьяўляюцца політычна-экономічныя організмы. Кожная экономічна-этнографічная галіна пачала з вялікаю ўвагаю падлічаць свае экономічна-політычныя магчымасьці, скарбы, капіталы і маемасьць. У цяжкіх муках нязвыклай творчасьці нараджаюцца на сьвет дзяржавы невялікіх, нават маленькіх, прыгнечаных імпэрыялістычнай Расіяй, народаў. Ствараюцца ўрады гэтых дзяржаў, зьяўляюцца гандлёвыя палаты, пасылаюцца ўзаемна-экономічныя місіі. Пачынае, урэшце, варушыцца і Беларусь, прыняўшыся за будоўлю свайго экономічна-політычнага будынку.
Амаль што адначасна з крышталізацыяй экономічна-політычнай зьяўляецца індукцыя і крышталізацыя экономічна-соцыяльная. «Народ» у розных краёх пачынае ўглядацца ў сваю структуру і дзяліцца паводле сваіх інтарэсаў на дзьве няроўныя групы. З аднаго боку, зьбіраюцца ў невялічкі гурток эксплёататарскія элемэнты з вялікім капіталам і яшчэ большым апэтытам. З другога боку, расьце вялікая грамада працоўнай клясы, спакон веку забітай, пакрыўджанай і аграбленай. Кожная з гэтых кляс-груп пачынае вясьці сваю лінію, гатуецца да барацьбы і, урэшце, змагаецца за свае інтарэсы.
У пазьнейшыя часы крышталізуецца мастацтва, крышталізуецца і навука, апіраючыся ў сваёй творчасьці ці на мясцовы, тэрыторыяльна-экономічны, ці на экономічна-соцыяльны, клясавы грунт. Паміж іншымі навукамі пачала сваю крышталізацыю і індукцыйную працу і гісторыя.