лецьця пашло змаганьне за незалежнасьць полацкіх Ізяславічаў з кіеўскімі Яраславічамі. У гэтым змаганьні ўкола Полацкага княства зьбіраліся княствы драбнейшыя. Да найболынай моцы Полацкае княства дашло ў часы Усяслава (1044—1101). Пасьля яго сьмерці пачаўся політычны ўпадак Полацкай Русі. Полацкая Русь вядзе шырокі гандаль як з Захадам, так і Усходам. Яна мае магчымасьць збываць свае продукты і даставаць патрэбных ёй тавараў чужаземнай вытворчасці, незалежна ад кіеўскага рынку. У руках купцоў зьбіраюцца вялікія капіталы, каторыя даюць ім магчымасьць эксплёатаваць полацкую працоўную масу. Вечы гарадоў зьяўляюцца тым месцам, дзе асабліва яскрава выяўляецца барацьба паміж «лепшымі» людзьмі, уладарамі капіталаў, і «подлымі» людзьмі, уладарамі рабочых рук.
У XIII сталецьці пачынаюць гуртавацца літоўскія пляменьні, суседнія з Полаччынай; яны організуюцца і зьбіраюць укола сябе разрозьненыя паўночна-заходнія рускія пляменьні, якія пачынаюць злучацца з літвінамі. Будуецца вялікае княства Літоўска-Беларускае, дзе кіруе гаспадар, вялікі князь-літвін, а пануюць культура і мова заняпаўшай політычна Полаччыны, каторыя з пачатку XIV сталецьця прымаюць адзнакі беларускай мовы і культуры. Мы ведаем, што беларуская мова стала ў новым гаспадарстве[1] дзяржаўнай мовай: у ёй пісаліся законы і офіцыяльныя паперы. У беларускай мове рабілася і культурная справа таго часу: пісаліся летапісы і другія творы слова, друкаваліся кнігі; па-беларуску гаварылі і ў палацы вялікага князя.
У Літоўска-Беларускім гаспадарстве згодна жывуць дзьве веры: усходня-хрысьціянская — у славян і паганская — у літвіноў. Хоць у канцы XIV сталецьця, дзеля прычын хатніх і знадворных Літоўска-Беларуская дзяржава юрыдычна злучылася з Польшчай, аднак-жа у XV і першай палавіне XVI сталецьця дзяржаўныя, культурныя і рэлігійныя справы мала чым зьмяніліся. Усяму гэтаму пэрыоду ад XIII да палавіны XVI сталецьця можна даць назву Літоўска-Беларускага. «Подлыя» людзі паступова ўсё больш пападаюць у рукі заможных, лепшых людзей. Вольны земляроб паступова губіць сваю вольнасьць і робіцца ўсё бліжэйшым да фэўдальнага сэрва[2]. Гарады адгароджваюцца ад вёскі тым, што купляюць за грошы ад літоўскіх гаспадароў Майдэборскае права[3]. Вечы паступова адміраюць.
К палавіне XVI сталецьця польскі ўплыў усё мацнее. Па прычынах як хатніх, так і знадворных Літва і Беларусь усё больш і больш павінны хіліцца да Польшчы. У 1569 годзе на Люблінскім сойме адбылася ня толькі юрыдычна, але і рэальна вунія Літвы й Беларусі з Польшчай. Польшча скарыстала цяжкія ўмовы дзяржаўнага жыцьця сваёй
- ↑ Гаспадарства — дзяржава, гасударства.
- ↑ Фэўдальны сэрв — прыгонны селянін, які знаходзіцца ў асабістай залежнасьці ад феадала.
- ↑ Майдэборскае права — Магдэбурскае права, феадальнае, гарадское права, паводле якога эканамічная дзейнасць, маёмасныя правы, грамадска-палітычнае жыццё, саслоўны стан гараджан рэгуляваліся ўласнай сістэмай юрыдычных нормаў. Узнікла ў 13 ст. у г. Магдэбурзе (Германія).